Захаваць кармы ад агню

89

Захаваць кармы ад агнюУ ГАСПАДАРКАХ раёна працягваецца работа па нарыхтоўцы кармоў. З раніцы да позняга вечара на сенажацях працуюць касілкі, трактары і аўтамашыны. Але назапасіць дастатковую колькасць кармоў — гэта палова справы. Вельмі важна захаваць іх ад агню. Інспекцыяй дзяржпажнагляду праведзены маніторынг супрацьпажарнага стану месцаў захоўвання грубых кармоў, а таксама сельскагаспадарчай тэхнікі, якая задзейнічана на корманарыхтоўцы. Вынікі несуцяшальныя. У многіх гаспадарках месцы захоўвання кармоў не прыведзены ў супрацьпажарны стан.

Пры адкрытым складзіраванні грубых кармоў у АСП «Вузлянка» і ААТ «Будслаўскае» не вытрымліваюцца адпаведныя нарматыўныя адлегласці да дарог, ліній электраперадач, граніц лясных масіваў. Месцы складзіравання не абараны. Будынкі сенавалаў у вёсках Княгінін УП «Княгінін-Агра», Слабада ААТ «Слабодская зара», Старыя Габы УП «Габы-Агра» не абсталяваны аховай ад маланак. На сенавалы ў вёсках Баяры ААТ «Мядзелаграсэрвіс», Міціненты, Памошша, Калодзіна ААТ «Занарацкі», Старына ААТ «Слабодская зара», Старыя Габы УП «Габы-Агра» ёсць свабодны доступ пабочных асоб. Не арганізавана ахова вартаўнікамі. Месцы захоўвання кармоў не ачышчаны ад мінулагодніх рэшткаў.

Сельскагаспадарчая тэхніка неўкамплектавана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння і іскрагасільнікамі.

Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў неабходна прыняць неадкладныя дзейсныя меры для выканання мерапрыемстваў, рэкамендаваных ў прадпісаннях дзяржпажнагляду. Неабходна правесці супрацьпажарны інструктаж усіх работнікаў, якія заняты на нарыхтоўцы кармоў, з абавязковым адлюстраваннем дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару. Неабходна абсталяваць пажарныя шчыты з наборам пярвічных сродкаў пажаратушэння і супрацьпажарнага інвентару ля сенавалаў, а таксама прадугледзець запасы вады для тушэння загаранняў і арганізаваць кругласутачную ахову месцаў захоўвання грубых кармоў.

Д. МАЛЬКО.

Інжынер ІДПН РАНС, старшы лейтэнант унутранай службы.