Захапленне для творчай душы

91

Захапленне для творчай душыБІСЕРАПЛЯЦЕННЕ для Т. С. Мацкевіч прыемны і карысны занятак, якому яна аддае амаль увесь вольны час. А пачалося ўсё выпадкова.

— У школу прывезлі з Будслава пару вырабаў з бісеру. Прыгожыя, вядома. Многія настаўнікі былі імі зачараваны. Захацелася самім зрабіць штосьці падобнае. Першай за гэту справу ўзялася мая сяброўка. Потым — завуч школы. Гледзячы на іх, вырашыла паспрабаваць і я, — расказвае Таццяна Сяргееўна. — Безумоўна, не ўсё адразу атрымлівалася як след. Але з часам набыла навыкі бісерапляцення…

Гэты занятак яе так зацікавіў, што жанчына зразумела — работа з бісерам менавіта яе справа. З таго часу яна стварае з пацерак прыгожыя, чароўныя рэчы. Пяшчотныя беластволыя бярозкі, у пышнай ружовай квецені прыгажуні-гліцыніі, быццам казачны бансай, схіліўшыя галаву вербы замілоўваюць вока. Быў шчыра здзіўлены і ўражаны той разнастайнасцю вырабаў, створанай з бісеру: акрамя букетаў кветак, зачараванне выклікаюць дрэвы, у ліку іх бярозы, абляпіха, рабіна, елка, зімняе дрэва, вінаградная лаза… Ды хіба ўсё пералічыш?!Колькі іх, нанізваючы на дроцік дробненькія пацеркі, зрабілі рукі Таццяны, яна нават і падлічыць не бярэцца. Многія жыхары пасёлка прыходзяць да Т. С. Мацкевіч, каб набыць у якасці падарунка для сяброў і знаёмых яе выраб. Ладзяцца выставы рознага ўзроўню, напрыклад, у Мядзеле, курортным пасёлку Нарач, у Лошыцы пад Мінскам і іншых населеных пунктах, дзе вырабы маюць пэўны попыт. Развітвацца з прыгожымі сувенірамі, у якія ўкладзена нямала працы, Таццяне не шкада. Майстру, наадварот, прыемна, што зробленыя ёю вырабы штодня радуюць нечые вока. Тым больш, што ў кожную сваю работу ўкладвае яна душу, быццам ажыўляючы дрэва ці кветку.

— Без жадання, цярплівасці і душы з бісерам працаваць не будзеш, — заўважае Таццяна Сяргееўна. — Можна не задумваючыся нанізваць пацеркі, а вось сабраць у адно цэлае сотні галінак і пялёсткаў, надаць ім форму жывога дрэва без цікавасці да справы, без фантазіі проста немагчыма.

Таццяна нарадзілася ў Крывічах, у акружэнні непаўторнай прыгажосці, заўжды зачароўвалася прыродай. Таму і любіць яна выплятаць з пацерак менавіта кветкі і дрэвы. Назіральнасць і прыроджанае пачуццё гармоніі дапамагаюць рабіць іх быццам жывымі. У кожнага яе дрэва свая постаць, свой настрой і характар, якія праяўляюцца праз колер пялёсткаў. А ствараць без настрою і душэўнага імкнення яна нават і не спрабуе, бо ведае: прыгожая рэч можа атрымацца толькі тады, калі ёсць натхненне. Як і ў любога майстра, у жанчыны ёсць свае любімыя вырабы, на якіх заўсёды спыняецца вока.

Варта сказаць, што па прафесіі Т. С. Мацкевіч — настаўніца фізікі і матэматыкі. У свой час яна закончыла Магілёўскі педінстытут. 25 гадоў адпрацавала выхавальнікам у Крывіцкай школе-інтэрнаце. Потым, калі навучальную ўстанову закрылі, ездзіла на працу ў Пузыроўскую школу. А вось калі пайшла на заслужаны адпачынак, поўнасцю аддалася любімай справе. Праўда, як сама зазначыла, бісерапляценнем займаецца больш у зімовы час. Летам хапае клопатаў на градках, у кветніку, дзе чэрпае натхненне, падглядвае ўзоры.

Прафесія педагога для Мацкевіч сямейная. Яе бацькі Сяргей Еўдакімавіч і Галіна Іосіфаўна Верамей былі настаўнікамі фізікі. Сястра Нэла, якая зараз жыве ў Краснадары, таксама фізік. Таццяна Сяргееўна разам з мужам Іванам Уладзіміравічам выгадавалі сына Дзмітрыя і дачку Галіну, якія таксама маюць вышэйшую адукацыю. Дзеці жывуць у сталіцы, маюць свае сем’і.

Да слова, дрэва з бісеру можна зрабіць прыкладна за тры дні (калі, зразумела, не адцягваць увагу на іншыя справы). Варта таксама адзначыць, што бісерапляценне — хобі не таннае: патрабуюць значных выдаткаў бісер розных адценняў, дрот рознай таўшчыні. Аднак, калі справа па душы, гэтыя выдаткі адыходзяць на другі план. Тым больш, што ёсць шмат жадаючых набыць што-небудзь сабе для аздаблення інтэр’еру.

— Падчас выстаў у курортным пасёлку вырабы карысталіся добрым попытам у расіян. Яны з задавальненнем набывалі такія сувеніры на ўспамін пра Нарач, — кажа Т. С. Мацкевіч.

— Ці ёсць у вас вучні, якія б сталі прадаўжальнікамі гэтай справы?

— Гурткоў не вяду. Калі хто звяртаецца з просьбай паказаць, як гэта робіцца, нікому не адмаўляю. Але далёка не ў кожнага хапае цярпення і настойлівасці, — чую ў адказ.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: майстар бісерапляцення Т. С. Мацкевіч.

Фота Георгія Прысмакова.