Вельмі часта ў расказе пра касцёл у Будславе і цудадзейны абраз прыгадваецца кніга «Задыяк на зямлі» прыёра будслаўскага кляштара айца Элеўтэрыя Зеляевіча. Кніга выдадзена ў 1650 годзе на польскай мове. Выданне стала адной з першых гістарычных прац пра Будслаў. У ім сабраны гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 года.
Добра, што электронную версію кнігі можна адшукаць у інтэрнэце — на сайце бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Друкаванае выданне раней захоўвалася ў бібліятэцы Літоўскай Духоўнай семінарыі.
Ілюстрацыі
У кнізе знойдзем тытульны ліст і тры ілюстрацыі: герб Долмат-Ісайкоўскага, выява Будслава і наваколля, якая дае ўяўленне пра тое, як выглядаў тады мясцовы храм, а таксама касцёлы ў Параф’янаве і Даўгінаве. Яшчэ на адной з гравюр — выявы алтара і сцэн цудаў.
«Мяркуецца, што гэтая ілюстрацыя была створана як асобная выява каля 1647-1649 гадоў для распаўсюджвання культу абраза Будслаўскай Маці Божай і першапачаткова не прызначалася для гэтай кнігі», піша ў артыкуле «Ілюстрацыі да кнігі Элеўтэрыя Зеляевіча «Задыяк на зямлі» ў выданні «Acta Academiae Artium Vilnensis» мастацтвазнаўца з Вільнюскай акадэміі мастацтваў — доктар гуманітарных навук Рута Янонене. Яна шмат гадоў даследуе бернардынскую спадчыну і наогул сакральнае мастацтва Вялікага Княства Літоўскага. Рута Янонене лічыць, што «гэтыя ілюстрацыі з’яўляюцца каштоўнымі іканаграфічнымі крыніцамі для даследавання архітэктуры храма і
іканапісу алтара».
Аўтар
Крыху звестак пра Элеўтэрыя Зеляевіча прыводзіць у кнізе «Даўгінаўска-Будслаўска-Крывіцкі рэгіён на даўняй Віленшчыне (гістарычная хроніка)»
этнограф Францішак Сяліцкі:
«Гэты аўтар нарадзіўся ў Вільні ў 1610 годзе ў мяшчанскай сям’і. Прафесію манаскую злажыў 12 кастрычніка 1634 года ў віленскім кляштары і знаходзіўся ў розных кляштарах як прапаведнік. Пасля будслаўскага перыяду быў захавальнікам фондаў у Нясвіжы (1662). У 1680 годзе ізноў знаходзіўся ў Будславе… Праца ксяндза Зеляевіча мае вельмі вялікую каштоўнасць, дае шмат фактаў, якія датычацца побыту апісваемага рэгіёну ў палове ХVІІ стагоддзя».
Пра кнігу і цуды
Далей будуць цытаты з вышэй названай кнігі Францішка Сяліцкага ў перакладзе Міхала Гіля з Пастаў.
«Кніга Зеляевіча заслугоўвае дакладнейшага абмеркавання з погляду на цікавыя асаблівасці, якія датычацца нашага рэгіёну. Яна была прысвечаная згаданаму Мікалаю Долмат-Ісайкоўскаму як дабрадзею будслаўскага кляштара. Барокавае прысвячэнне спярэшчана спасылкамі да антычных пісьменнікаў і да Бібліі. Як дабрачынцы кляштару ўспамінаюцца таксама бацька лоўчага, ашмянскі падкаморы Пётр Ісайкоўскі, яго жонка з дому Пацаў і намінат смаленскі Францішак Ісайкоўскі — фундатары сярэбраных ліхтароў і грошай на мураванне касцёла, купляння пакрывалаў, рызаў, келіхаў і іншае.
Прадмову да чытачоў аўтар пачынае з пахвальбы дрэў, лясоў і пушчаў, у тым ліку Будскай пушчы, у якой знаходзіцца яго кляштар, з кліканнем адпаведных постацей і біблейскіх вобразаў. Піша між іншым: «Дзе перад тым у глыбокіх рэчышчах і глухіх гушчарах драпежныя мядзведзі, ваўкі і іншыя дзікія драпежнікі знаходзіліся, там падняўся Касцёл Панскі; дзе быў чутны страшны звярыны рык і жахлівае кліканне пугачоў, там, пры тым жа касцёле ўбогім, вылечваліся нямоглыя, кульгавыя, эпілептыкі, нямыя, зачараваныя, скалечаныя перунамі, і ад іншых непрыемнасцей».
Далей ідзе раздзел І (Трактат) — «Аб распалажэнні, пачатку і назве Пушчы і месца Будскага». Аўтар падае ў ім адлегласці Будслава ад іншых вядомых мясцовасцяў, а менавіта: 2 мілі ад Крывіч, 3 мілі ад Ваўкалаты, 2 мілі ад Параф’янава, 2 мілі ад Даўгінава. У адносінах да Будслава ўвесь час ужываецца назва Буда. Апавядае аб станаўленні кляштара. Зазначае, што тутэйшыя ваколіцы багністыя, што нязручна трапіць да кляштару, трэба перайсці некалькі мастоў. Цікавая інфармацыя, што на фэст у дзень Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі (15 жніўня) прыходзілі пілігрымы з Полацка, Браслава, Віцебска, Мінска, Ашмянаў. Яшчэ ёсць вельмі цікавае ўзгадаванне аб тым, што да цудоўнага абраза прыбываюць таксама вернікі і святары «грэцкага набажэнства», што штогод з Даўгінава прыходзяць «са сваёй кампаніяй» тамтэйшыя ўніяты і тут «адпраўляюць набажэнства». Зеляевіч падаў, што ў час напісання ім кнігі ў Будславе было 19 манахаў, у тым ліку некалькі святароў.
У раздзеле ІІ — «Аб цудоўным цяперашнім абразе Найсвяцейшай Панны» — аўтар піша аб атрыманні цяперашняга абраза ад Ісаака Сакалая і дае яго апісанне, інфармуе аб яго цудоўнай сіле. Калі падстолі мінскага ваяводства Ежы Зяновіч, «будучы ерэтыком», убачыў будслаўскі абраз, то «слёзы навярнуліся на ягоных вачах і так схапіла сэрца, што зараз жа пабег да святара і святую споведзь учыніў». Тое самае сталася з «нябожчыцай пані Пузыняй», якая прыбыла ў Будслаў хутчэй за ўсё для адпачынку, з суседкамі, а падчас набажэнства ў вігілію будслаўскага одпуста з кальвінізму вярнулася да каталіцызму.
Наступны раздзел, тытулаваны: «Трактат трэці, у якім пералічваюцца цудоўныя ласкі і дабрадзейства розным людзям па прычыне Найсвяцейшай Панны, у тым абразе паказаныя» — храналагічна пералічвае тыя ласкі. Аўтар адзначае, што не можа даць пераліку тых ласкаў з даўняга перыяду, бо падчас разборкі старога касцёла знішчаны сцены, на якіх былі спісаны цуды. У 1617 годзе тут вярнуў зрок Язафат Тышкевіч, які страціў яго пяцігадовым дзіцём. Яго бацькі — Павел Тышкевіч, троцкі земскі суддзя, і маці Цэцылія, з роду Астольскіх —
«ахвяравалі дзіця да будслаўскага касцёла». Гэта значыць, прыбылі з ім у пілігрымцы да цудоўнага абраза (…).
Звычай «ахвяравання» дзяцей ці хворых дарослых да касцёла ў Будславе пратрываў аж да міжваенных часоў… Такім чынам, як піша Зеляевіч, калі толькі ўвялі невідушчага хлопца ў касцёл у дзень фэсту — зараз жа пачаў бачыць. Ён стаў пазней манахам і ксяндзом, з яго рэляцыі аўтар апісаў гэты цуд, дадаўшы, што ў тым жа 1617 годзе быў вылечаны яшчэ адзін Тышкевіч. Наступны цуд, вядомы Зеляевічу, адбыўся ў 1630 годзе, калі падобным чынам атрымаў зрок «ахвяраваны» Адам Стахоўскі. Цікавы цуд здарыўся ў 1632 годзе: вось вярнуўся з няволі «вязень маскоўскі» Ян Вроньскі, ротмістр надворнай харугвы згаданага полацкага ваяводы Януша Кішкі, і то, дзякуючы папярэдняму абяцанню, зробленаму яго таварышам па зброі Лукашам Владоўскім, які абяцаў ахвяраваць за ласку вяртання калегі дзесяць чырвоных злотых на карону для Дзіцяці на будскім абразе…
У 1634 годзе цудоўна вылечылася нейкая Палонія Вайловічаўна, хворая на ногі. У 1638 годзе цудоўна ажыла чатырохгадовая дзяўчынка, якую выцягнулі са става без знакаў жыцця. У наступным годзе вярнулася да жыцця дачка мінскай падстоліны Зяновічавай. Усе гэтыя цуды асабліва добра апісаныя. У 1643 годзе выздаравеў паранены Ян Валадковіч. У 1644 годзе «пан Павел Хажэвіч» з ашмянскага павету, маючы сына, «напаткаўшага падучную хваробу (эпілепсію)», ахвяраваў яго ў Буду — і сын выздаравеў.
Запісана Зеляевічам пад тым жа 1644 годам мясцовая легенда: «Ганна Абрамовічаўна, баярка з вёскі Бяркоўшчына, падданая Яснавяльможнага Ягамосьці пана Януша Кішкі, полацкага ваяводы, вялікага гетмана, у дзень нядзельны ішла ў лес па грыбы і ў гэтым лесе ўбачыла Найсвяцейшую Панну ў вельмі вялікай чароўнасці, якая сядзела за сталом, на якім гарэлі дзве свечкі. А калі тая дзеўка моцна спалохалася і пачала хавацца, пачула голас: “Чаму крычыш? Чаму ў свята працуеце і Сына майго тым абражаеце, які шэсць дзён даўшы вам для работы, сёмы на сваю хвалу абраў, а вы і той гвалціце? А каб ведала, што Сын мой гневаецца”. У знак гэтага сваёй рукой даткнулася да дзеўкі, і тая адразу страціла мову. Нечакана дзяўчыну штосьці панесла з таго месца аж на віленскі гасцінец да Крывіч, вельмі прыгожай і прывабнай дарогай, як сама да сённяшняга дня распавядала. Калі прыйшла дадому і, нічога не гаворачы, сядзела, маці ўразілася, чаму яна нічога не гаворыць, склікала шмат радні і суседзяў, прынялі рашэнне, што трэба паслаць па бабак і дзядоў-шаптуноў, якія, каб адпрацаваць свае чары, каля яе пачалі так моцна біцца і трэсціся, што ледзьве яе выратавалі. І калі праз тры дні ў той бок, дзе Буда, нічога не гаворачы, штораз рукой указвала, дамыслілі родныя і трэцяга дня праводзілі тую нямую ў Буду. Хутка ўвайшла ў касцёл і перад абразом Найсвяцейшай Панны стала і крыкнула: «Вось гэта Панна мне ў лесе паказалася і сваёй рукой даткнулася, і сюды мне ісці да свайго Абраза ўказала». І ўсёй справай выказала, выйшла здаровай і размаўляючай з касцёла».
…Вельмі цікавая адна справаздача пад 1648 годам: «Таго ж году пані Валадкевічава схізматычка ў дзень 12 сакавіка, прыехаўшы ў Буду і дзякуючы за тое Пану Богу, што яе сыночка да першапачатковага здароўя праз
яўнае дачыненне Найсвяцейшай Пані, прывесці мела ласку, пры шматлікіх як духоўных, так і свецкіх асобах, якія знаходзіліся ў Будзе, прызнавала, што, калі тое дзіцятка маё цяжка захварэла і праз тры дні нічога амаль не гаварыла, над якім я як матка горка плакала, загаварыла дзіця да мяне: «Устань, устань, маці! Вялікая і высакародная Пані сюды прыйшла, не звяртайся да яе, бо ты грэшніца, як найхутчэй праводзь мяне ў Буду, туды тая Пані такая чароўная і цудоўная кажа мяне праводзіць, а я здаровым
зараз буду». Неяк адразу ўстаў з ложка, з якім прыехаў, за тыя ласкі дзякаваў Пану Богу і Найсвяцейшай Панне».
…Аўтар напрыканцы дадае, што яго вялікі рэестр цудаў не поўны, таму што не ўсе асобы, якія вылечыліся, заяўляюць у кляштар пра гэтыя цуды.
Далей ідзе «Чацвёрты трактат, у якім падаецца кароткі спосаб уцёкаў той нябеснай Лані і Аленя, гэта значыць кароткі і набожны спосаб службы і набажэнства да Найсвяцейшай Пані, Яе Сына і Ёй самой вельмі прыемны».
Аляксандр ВЫСОЦКІ.