За язду без правоў суд прызначыў нарачанцу пакаранне ў выглядзе шасці месяцаў папраўчых работ

243

Не раз кіраваў транспартным сродкам, не маючы на гэта права, жыхар к. п. Нарач. Не аднойчы на гэтым яго лавіла міліцыя.

Першы раз прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці яшчэ ў красавіку мінулага года. Тады абышлося штрафам у памеры пяць базавых велічынь. Але патрэбных высноў мужчына не зрабіў. Неўзабаве міліцыя зноў зафіксавала факт знаходжання яго за рулём аўтамабіля. Паколькі здарылася гэта другі раз на працягу года, пакаранне было больш сур’ёзным: адміністрацыйны арышт на адны суткі. Але што б вы думалі? Сакавіцкім вечарам мужчына зноў сеў за руль, хоць і вадзіцельскага пасведчання па-ранейшаму не меў. Паездка скончылася малапрыемна: у аграгарадку Нарач адбылося сутыкненне з іншым аўто. Бяспраўнік з месца дарожна-транспартнага здарэння ўцёк.

 

Суд раёна кваліфікаваў дзеянні мужчыны як кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права на кіраванне гэтым сродкам, здзейсненае неаднаразова. Да абставін, якія змягчаюць адказнасць, суд аднёс раскаянне вінаватага і наяўнасць у яго малых дзяцей. Абставін, якія б абцяжарвалі віну, не выяўлена.

Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе шасці месяцаў папраўчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы 20% заробку (але не менш за адну базавую велічыню штомесяц). Таксама яму забаронена на працягу пяці год займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.

Паводле матэрыялаў пракуратуры раёна падрыхтавала Наталля Лісіцкая.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com