З вышыні палёту чайкі

132

З вышыні палёту чайкі— Ажно дух займае — такая прыгажосць! — паварочваюся да Паўла Маліноўскага, майстра будаўніча-мантажных работ БВУП “Нарачпрафбуд”.
— Так, краявід тут сапраўды ўражвае, — пагаджаецца ён.
З вышыні палёту чайкіПерад намі, як на далоні, — Мястра, гарадскі пляж, частка замкавага паўвострава, якая патанае ў веснавой зеляніне… Пакуль што бачыць райцэнтр з такога прыгожага ракурсу могуць толькі будаўнікі (хіба яшчэ, цікаўныя журналісты). Але не за гарамі той час, калі від з балкона двухмеснага нумара на пятым паверсе новай гасцініцы Мядзела змогуць ацаніць і іншыя.
— Работы ідуць поўным ходам, — уводзіць у курс спраў Павел Антонавіч і запрашае зазірнуць у будучы нумар “люкс”. — Першапачаткова “люксавых” нумароў у праекце не было. Але потым вырашылі, што яны патрэбны, і ў праект унеслі неабходныя папраўкі.

З вышыні палёту чайкі
З балконаў нумароў павышанай камфортнасці таксама адкрываецца цудоўны від на возера. Ды і самі пакоі ўжо можна ацаніць: на падлозе — светлы ламінат, на сценах — шпалеры з гульнёй адценняў, балконы з каванай агароджай. Усталёўваюцца вуглавыя ванны, душавыя кабінкі. Замест звычайных ключоў будучыя жыхары гасцініцы на рэсэпшэне атрымаюць электронныя ключы-карткі. Ужо закуплены тэлевізары ў кожны нумар, халадзільнікі, мэбля, камп’ютары, тэлефонныя апараты, сістэма відэаназірання. Некаторым нумарам на пятым і другім паверхах не хапае толькі люстраў і мэблі — гатоўнасць амаль поўная!

З вышыні палёту чайкі
— Бачна, што гасцініца пяціпавярховая. Што яшчэ, акрамя нумароў для пражывання, будзе тут? — пытаюся.
— Пад нумары адведзены з другога па пяты паверхі, толькі для інвалідаў пакой запланаваны на першым паверсе. Яшчэ на першым будзе прасторная ўваходная група з вестыбюлем, два пасажырскія і адзін грузавы ліфты (яны ўжо праходзяць наладачныя работы) з холам, гардэроб для наведвальнікаў, а таксама кафэ-бар з банкетнай залай на 12 месцаў, тэхнічныя пакоі і пакоі для абслугоўваючага персаналу, у падвальным памяшканні размесціцца саўна. Запланаваны і тры більярдныя пакоі. Да будынка гасцініцы таксама прымыкаюць канферэнц-зала з асобным уваходам і памяшканне, куды пераедзе загс.
— Да гасцініцы ўжо можна падысці па новым тратуары…
— Так, выкананы і значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Заканчваем падрыхтоўку да ўкладкі асфальту. Прадугледжаны стаянка для легкавых аўтамабіляў і асобна для турыстычных аўтобусаў. Асобная стаянка будзе і каля загса.
— Якімі работамі займаюцца сёння будаўнікі?
— Укладваюць плітку на знешніх ганках, на ўнутраных лесвіцах, тынкуюць памяшканні першага паверху. Хутка прымемся за тынкоўку вестыбюля і залы кафэ-бара, плануем прымяніць так званую венецыянскую тынкоўку…

З вышыні палёту чайкі
Напрыканцы экскурсіі па будаўнічай пляцоўцы папрасіла Паўла Маліноўскага назваць прозвішчы спецыялістаў, якія шчыруюць гэтымі днямі на аб’екце. Хочацца ж ведаць, хто мае непасрэднае дачыненне да ўзвядзення, магчыма, будучай візітоўкі Мядзела! Павел Антонавіч адказаў, што стараннем і сур’ёзнымі адносінамі да даручанага ўчастка работы адзначаюцца брыгадзір Валянцін Клямята, яго сын Сяргей Клямята, маляр Наталля Скіпар, плітачнік Віталь Малько, цясляр Аляксандр Лушчык. Ды і іншыя стараюцца!

З вышыні палёту чайкі— Як ахарактарызуеце агульны настрой на будаўнічай пляцоўцы?
— Бадзёры, пазітыўны, рыхтуемся да здачы аб’екта, — з небеспадстаўным аптымізмам адказвае майстар.
Ну а раз так, то ў недалёкім будучым можна разлічваць на святочны рэпартаж з адкрыцця сучаснай гасцініцы ў нашым горадзе і ўбачыць яго з вышыні палёту чайкі.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.