Міжнародны маладзёжны форум «Сяброўства без межаў”

73

Міжнародны маладзёжны форум «Сяброўства без межаў”У НАЦЫЯНАЛЬНЫМ дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” адбыўся міжнародны маладзёжны форум «Сяброўства без межаў”. Ён праводзіцца з 2005 года. У ім прымаюць удзел лідары маладзёжных аб’яднанняў, органаў самакіравання, а таксама спецыялісты, якія курыруюць маладзёжную палітыку. У гэтым годзе сабралася моладзь з сямі краін: Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Малдовы, Расіі, Узбекістана, Украіны.

Быў створаны Савет міжнароднага маладзёжнага форуму. Кожная краіна на працягу дня старшынствавала ў Савеце, арганізоўвала тэматычны дзень. Падчас яго праходзіла прэзентацыя краіны-ўдзельніцы, госці дэманстравалі фільмы, паказвалі традыцыйныя гульні, спявалі, знаёмілі з нацыянальнай кухняй. Аднымі з цэнтральных мерапрыемстваў форуму сталі “круглы стол” “Вектар на будучыню”, наведванне ўрока-лекцыі міністра адукацыі Беларусі С. А. Маскевіча, сустрэча ў сталіцы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дэлегаты знаёміліся з гісторыяй і культурай нашай краіны, наведалі Мір, Нясвіж, Мінск.

У рамках форуму праходзілі прэзентацыі маладзёжных сацыяльна-значных праектаў і акцый, спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы. Госці прымалі ўдзел у працы праектнай пляцоўкі “Свет у руках маладых”, займаліся ў аб’яднаннях па інтарэсах.

— Падобны форум — гэта кантакты лідараў дзіцячых грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў, ініцыятыў не толькі з усіх куткоў Беларусі, але і з суседніх краін, — кажа намеснік дырэктара НДЦ “Зубраня” па вучэбна-метадычнай рабоце Т. А. Чыжык. — Гэта шырокі абмен думкамі і досведам па пытаннях умацавання сяброўства і добрасуседства паміж нашымі краінамі, магчымасць у адкрытай, добразычлівай абстаноўцы выпрацаваць агульныя арыенціры, прыцягнуць увагу дарослых да існуючых праблем дзяцінства і знайсці правільнае іх рашэнне. Правядзенне форуму «Сяброўства без межаў” спрыяе ўзаемадзеянню міжнароднай маладзёжнай і дзіцячай супольнасці.

А вось якія водгукі пакінулі ўдзельнікі форуму:

“Мне падабаецца, што ў «Зубраняці» праводзіцца шмат гульняў і розных цікавых мерапрыемстваў. Вельмі добра, што прадаставілася такая магчымасць — сабрацца дзецям з розных краін разам і пазнаёміцца. Я думаю, што, калі такіх сустрэч будзе больш, людзі будуць лепш разумець адзін аднаго” (Нафіса Нурматава).

“Форум мне вельмі спадабаўся. Ён зблізіў нас, прадстаўнікоў розных краін. Штодзённая цікавая інфармацыя, гульні, выдатныя важатыя, заняткі, нацыянальныя гасціныя, забаўляльная і экскурсійная праграмы. Мне ўдалося раскрыць і праявіць сябе, прыняць удзел у шматлікіх мерапрыемствах. У маёй памяці форум пакінуў незабыўныя пазітыўныя ўражанні, прынёс новыя знаёмствы і моцнае сяброўства. Мне вельмі спадабаўся беларускі народ — усе ветлівыя і добрыя. Хацелася б яшчэ раз прыехаць сюды, у Беларусь, у “Зубраня” (Даулет Жанысаў).

Аляксандр ВЫСОЦКІ.