З радзімай у сэрцы

150

З радзімай у сэрцыМЯДЗЕЛЬСКАЯ зямля падаравала Беларусі нямала таленавітых і вядомых людзей. Адсюль родам народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаны дзеяч культуры БССР Паўліна Мядзёлка. Менавіта Мядзельшчына натхняла народнага паэта Беларусі Максіма Танка (сапраўднае імя Яўген Скурко). Цёплыя ўспаміны аб малой радзіме можна прачытаць у яго вершах.

А прыгажосць тутэйшых мясцін адлюстраваў у сваіх палотнах наш зямляк і сучаснік — Васіль Шаранговіч, які днямі адзначыў васьмідзесяцігадовы юбілей!
“Я ўсё жыццё любіў, люблю і буду любіць сваю малую радзіму. Я хацеў сваёй творчасцю паказаць прыгажосць роднай зямлі, тых людзей, з якімі жыў, хацеў данесці вобраз сапраўднага беларуса”, — так адгукаецца аб родным краі Васіль Пятровіч.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Качаны, вучыўся спачатку ў Занях, а потым у Мядзельскай сярэдняй школе. Па заканчэнні яе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, а пасля — у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на “графіку”. З Альма-матэр яго звязвае таксама доўгая плённая праца: спачатку ён узначальваў кафедру графікі, быў прарэктарам, а пасля і рэктарам. Можна сказаць, што творчасць Васіля Шаранговіча — гэта не проста дасягненні аднаго чалавека, а цэлая эпоха школы беларускай графікі і беларускага мастацтва.
Але, што асабліва каштоўна, яго творчасць знаёма не толькі ў вузкім прафесійным коле. Народнага мастака Беларусі ведаюць ва ўсёй краіне, многія працы айчынных пісьменнікаў-класікаў выходзілі ў яго афармленні. Шырока вядомы графічныя работы Васіля Пятровіча па творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Міцкевіча і іншых.
Творы нашага земляка можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у музеях гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, сучаснага выяўленчага мастацтва і іншых. Пры гэтым не толькі Беларусі, але і ў многіх іншых краінах. Напрыклад, у Італіі, ЗША, Германіі.
У шэрагу яго дасягненняў — дыпломы і медалі. Ну хіба можна не ганарыцца такім земляком?! Асабліва прыемна, што і малая Радзіма не абдзеленая ўвагай мастака. З кастрычніка мінулага года пастаянная персанальная мастацкая галерэя Васіля Шаранговіча адкрылася ў курортным пасёлку Нарач.
А ў панядзелак у Мядзельскім музеі народнай славы распачала працу выстава твораў мастака, прымеркаваная да яго юбілею.
— На выставе прадстаўлены літаграфіі і акварэльныя работы, — распавядает навуковы супрацоўнік музея Валянціна Карзяёнак. — Усяго пятнаццаць карцін. Большая частка з іх у розны час падаравана нашаму музею асабіста Васілём Пятровічам. Некаторыя спецыяльна закуплялі з дапамогай галоўнага
ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
У музеі прадстаўлены як самастойныя работы, так і ілюстрацыі да розных кніжных твораў. Больш за ўсё — да твораў Янкі Купалы. Есць і тры з дзевяці станковых каляровых аўталітаграфій з цыкла “Памяць вогненных вёсак”. На акварэльных пейзажах адлюстраваны мядзельскія прасторы. Усе карціны — з фондаў Мядзельскага музея народнай славы.
— Выстава працуе з 14 студзеня, хто ў ліку першых наведвальнікаў?
— Звычайна яе праглядаюць разам з асноўнай экспазіцыяй. На днях была група расіян. Для іх імя Васіля Пятровіча раней не было знаёмым, яны з задавальненнем слухалі экскурсавода і былі вельмі ўражаныя. Асабліва спадабаліся акварэльныя пейзажы: вельмі светлыя, лёгкія, падымаюць настрой. Графічныя работы закранаюць больш сур’ёзныя тэмы якія і патрабуюць эмацыянальнай аддачы.
Выстава часовая, будзе працаваць месяц. Таму, калі вы яшчэ не былі, варта паспяшацца, каб пазнаёміцца з працамі знакамітага земляка.

Аляксандра ГАРАЧКА.
На здымках: экскурсію праводзіць Валянціна Карзяёнак; карціна «Мацярынская трывога» (з серыі «Памяці вогненных вёсак»), 1979-1985 гг.
Фота
Аляксандра Высоцкага.