З Нараджэннем Хрыстовым!

100

З Нараджэннем Хрыстовым!«Ціхая ноч, святая ноч!
Божы Сын, шчасці нам:
І ў сэрцах любоў запалі,
Супакоем наш край адары,
Поўню радасці дай».

ДАРАГІЯ браты і сёстры, людзі добрай волі! У таямніцы Божага Нараджэння хочам праслаўляць Міласэрнага Айца, які, як кажа літургія Эўхарыстыі, — у Езусе Хрысце, які ёсць Святлом свету, аб’яўляе ўсім народам таямніцу нашага збаўлення. Калі Ягоны Сын паказаўся на зямлі як смяротны чалавек, нанава адарыў нас удзелам у Яго несмяротнай хвале.

Чэрпаючы з пладоў Года Веры, хочам разам з Марыяй з верай прыняць слова Бога, якое дае моц, каб мы сталі дзецьмі Божымі. Успамінаючы гэту ўрачыстую хвіліну, калі святло Бэтлеемскай зоркі асвяціла цемру ночы і неба ў прадказаным Богам горадзе Бэтлееме злучылася з зямлёю, дазвольце павіншаваць вас, дарагія вернікі, з радасным святам Божага Нараджэння!Перажываючы разам з усім чалавецтвам свята Божага Нараджэння, прагну ахапіць Вас усіх малітвай і найлепшымі пажаданнямі. Няхай усё, што не падуладна чалавечым рукам, стане для вас рэчаіснасцю. Няхай у вашых сем’ях пануе любоў і самаахвярнасць, няхай яны праменяцца спагадай і добразычлівасцю да самотных, хворых, да тых, хто смуткуе і сумняваецца. Адкрываючы Аблічча Хрыста ў чалавеку, які ў патрэбе.

Дзелячыся аплаткай, выказваю вам, дарагія браты і сёстры, свае сардэчныя пажаданні. Няхай Езус Хрыстус адорыць вас здароўем і патрэбнымі ласкамі і ўмацуе ў вашых сэрцах веру, надзею і любоў.

Бэтлеем ёсць там, дзе мы гатовы адкрыць сэрца на таямніцу прыйсця Бога. Зычу, каб мы, веруючыя людзі, штодзённа давалі сведчанне нашай веры, каб мы, як пастухі, якія сустрэлі Езуса ў ноч Божага Нараджэння, сведчылі аб Ім, Богу Любові, паўсюдна: і ў нашых дамах — каб яны былі аазісамі спакою, згоды і добразычлівасці; і ў працы — каб мы яе адказна выконвалі; і ў школе — каб вера дзяцей божых была відавочнай. Няхай таямніца Божага Нараджэння раз’ясніць цемру і адновіць у нашай свядомасці Бога, які ёсць і любіць нас, прагне нашага развіцця і шчасця. Няхай Марыя, Юзаф і Немаўля, якое ляжыць у яслях, дапамогуць нам знайсці вялікае шчасце, якім для чалавека з’яўляецца сям’я, якая нараджае дзяцей і выхоўвае іх на годных грамадзян.

Жадаю, каб нашы дамы былі Бэтлеемам, у якім няспынна абвяшчаецца хвала на вышынях Богу і спакой людзям добрай волі. Святочнай радасці ў Пану Богу, Ягонага спакою і ласкі жадаю ўсім вам на святы Божага Нараджэння і на надыходзячы Новы 2014 год. Няхай ён стане паўнатой часу, калі Езус нараджаецца ў нас сваёю ласкай, а таксама стане часам нашай плённай дзейнасці на хвалу Пана і для нашага збаўлення. Радасцi, шчасця, благаслаўлення Божага Дзiцяцi ўсiм вам.

Нашы браты праваслаўныя яшчэ перажываюць Адвэнт. Жадаем ім плённа перажыць гэты час і са шчырымі сэрцамі адзначыць святы Нараджэння Пана.

З такімі думкамі і пажаданнямі, дарагія браты і сёстры, увойдзем у святкаванне Божага Нараджэння і надыходзячага Новага года. Вясёлых Калядных святаў вам і вашым блізкім!

Трываючы на малітве каля ясляў Езуса,

айцец Павел ЛЕЛІТО.

Пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле.

Усіх парафіян і гасцей Мядзела шчыра запрашаю на ўрачыстае богаслужэнне ў касцёл Маці Божай Шкаплернай у поўнач з 24 на 25 снежня.