З Чарнігава на крылах мары

105

З Чарнігава на крылах марыШКОЛЬНЫЯ гады — гэта такая пара, калі, яшчэ не самастойны, ты ўбіраеш у сябе чужыя гісторыі, запазычаныя з кніг, фільмаў і пачутыя з вуснаў настаўніка, і імкнешся ўявіць, якой жа будзе твая асабістая жыццёвая гісторыя. І калі ў малодшых класах на пытанне “Кім хочаш стаць?” можна адказаць: “Чараўніком”, то ў старэйшых прыходзіць усведамленне, што ліста з Хогвартса не будзе і трэба сур’ёзна задумацца пра будучыню.
Сустрэчы з цікавымі людзьмі — выдатны спосаб пазнаёміцца з чужой гісторыяй і ўнесці важныя карэктывы ў пачатак сваёй. Таму ў рамках адзінага дня інфармавання пад агульным дэвізам “Шаг” — “Школа актыўнага грамадзяніна” для навучэнцаў ІХ-ХІ класаў у нашай установе адукацыі была арганізавана сустрэча з зямлячкай, якая жыве ў Чарнігаве і ўзначальвае мясцовае беларускае нацыянальнае культурнае таварыства “Сябры” Галінай Варажбіт. Галіна Міхайлаўна нарадзілася і вырасла ў Крывічах, пасля школы вырашыла падаць дакументы ў інстытут культуры на бібліятэкара. Не атрымалася. І сёння яна кажа: “Як добра, што тады не паступіла!” Яе словы выклікалі ў старшакласнікаў здзіўленне: маўляў, радавацца таму, што не паступіла? Але жыццё паказвае, што не ўсе правалы праваламі з’яўляюцца. Так атрымалася і ў Галіны Міхайлаўны. Закончыўшы з адзнакай сельскагаспадарчы тэхнікум, па парадзе сяброўкі паехала ў Кіеў, дзе паступіла ў сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць “пчалярства”. І калі з мовай пчол асаблівых праблем не было, то з украінскай давялося паваждацца: ажно адзінаццаць прадметаў, уключаючы гісторыю КПСС (маё пакаленне спалохацца не павінна, а вось людзі старэйшыя зразумеюць усю сур’ёзнасць справы), выкладалася на ёй. Таму дзесьці год спатрэбіўся на тое, каб дасканала авалодаць трэцяй мовай з дружнай усходнеславянскай кампаніі.
Пасля распаду Савецкага Саюза ў Чарнігаве, дзе Галіна Міхайлаўна працавала ў адміністрацыі вобласці ў сельскагаспадарчай сферы, утварылася беларуская абшчына, членам якой яна стала. Таварыства прапагандуе беларускую культуру — мову, песні, танцы. Пры ім створаны дзіцячы танцавальны калектыў “Ягадкі” і фальклорны ансамбль, якія выступаюць на гарадскіх святах. У горадзе ёсць міні-музеі прадметаў беларускага нацыянальнага побыту. Сярод прадстаўнікоў суполкі — пісьменніцы, якія друкуюць кнігі на рускай, беларускай і украінскай мовах. Рэспубліка Беларусь дапамагае дыяспары ў забеспячэнні народнымі касцюмамі.
Звяртаючыся да пытання прафарыентацыі, госця паспрабавала выветрыць скептыцызм маладых людзей наконт заатэхніі, да якой яна мела дачыненне ўсё працоўнае жыццё. Акцэнт жанчына зрабіла на “жывасці” прафесіі і яе запатрабаванасці. У свой час Галіна Міхайлаўна аб’ездзіла дваццаць два раёны Чарнігаўскай вобласці, шчодра раздавала парады тым, хто забяспечваў краіну прадукцыяй жывёлагадоўлі, мела зносіны з цікавымі людзьмі і адчула душэўнасць абранай спецыяльнасці. Вее нейкай рамантыкай, ці не так?
Выпускнікам хутка давядзецца развітвацца з малой радзімай, каб атрымаць адукацыю. Для некага гэта надзвычай складана. Таму слухачоў цікавіла, як гэта — апынуцца так далёка ад дому? Ці сумавала Галіна Міхайлаўна па роднай старонцы? “Калі б былі крылы, то, здаецца, лятала б і лятала ў Крывічы, каб пабыць тут”, — адказала яна. Ніколі не забывалася пра малую радзіму, прыязджаць старалася двойчы на год. Зараз, праўда, радзей. Яе радуе, што пасёлак квітнее, няма перакошаных платоў, на могільніках — чысціня і парадак. “Адчуваецца, што ёсць гаспадар”, — падкрэсліла госця.
Сустрэча падыходзіла да канца. Усё галоўнае было сказана, засталося толькі паставіць прыгожую кропку. Што і зрабіла Галіна Міхайлаўна, прамовіўшы наступныя пажаданні: “Выбірайце, не імкніцеся ахапіць усё адразу, каб не згубіцца ў жыцці. Прафесію атрымаць трэба, без гэтага будзе цяжка. Не варта высока задзіраць нос і быць ганарлівым. Будзьце спакойнымі на працы і не губляйцеся перад цяжкасцямі. Пазбягайце дрэнных звычак. Удачы вам!”

С. ПАПКОВА.
Настаўнік Крывіцкага ВПК
дзіцячы сад-сярэдняя школа.