Ёсць абмежаванні па знаходжанні грамадзян на тэрыторыі Нацпарку

92

Ёсць абмежаванні па знаходжанні грамадзян на тэрыторыі НацпаркуУ АДПАВЕДНАСЦІ з палажэннем аб НП «Нарачанскі» ў асенні перыяд устаноўлены шэраг абмежаванняў па знаходжанні грамадзян на тэрыторыі Нацпарку. У новай рэдакцыі палажэння абгавораны і пэўныя абмежаванні па прамысловай і аматарскай рыбнай лоўлі. Прамысловае рыбалоўства дазволена толькі на азёрах Мястра, Баторына, Мядзел, Вялікія Швакшты, Свір і Вішнеўскае. На возеры Мя¬дзел прамысловае рыбалоўства абмежавана з 15 лістапада да ўвядзення веснавой забароны на лоўлю рыбы. Гэта зроблена ў сувязі з нерастам рапушкі, якая занесена ў Чырвоную кнігу.

На рацэ Страча ў межах Нацыянальнага парку ў перыяд нерасту фарэлі, якая таксама занесена ў Чырвоную кнігу, з 15 лістапада да ўвядзення веснавой забароны, а гэта звычайна да 1 красавіка, не дазваляецца ўсялякае аматарскае рыбалоўства, у тым ліку з выкарыстаннем вудаў і спінінгаў любых сістэм. На азёрах Воўчына і Рудакова з 15 лістапада да 15 снежня забараняецца падводнае паляванне і выкарыстанне водных транспартных сродкаў.

Нагадаю, што на тэрыторыі НП «Нарачанскі» рэгламентуецца выкарыстанне грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі водных транспартных сродкаў (лодак, катэраў) з падвяснымі маторамі ўнутранага згарання. Усім юрыдычным і фізічным асобам дазваляецца выкарыстоўваць водныя транспартныя сродкі з маторамі да 15 конскіх сіл.  Але варта адзначыць, што выкарыстоўваць іх можна толькі для перамяшчэння. Тролінг альбо лоўля рыбы на дарожку з суднаў з маторамі забаронены. Нельга таксама на тэрыторыі Нацпарку абуладкоўваць турыстычныя стаянкі і разводзіць вогнішчы за выключэннем спецыяльна вызначаных месцаў.

За парушэнне гэтых абмежаванняў заканадаўствам устаноўлена адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 4 да 35 базавых велічынь на грамадзян і да 500 — на юрыдычных асоб.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у адміністрацыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі», у лясніцтвах, а таксама ў Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

В. КЛЯНОЎСКІ.

Начальнік Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.