Яе жыццё – дзеці, школа

87

Яе жыццё – дзеці, школаКОЖНЫ, хто ведае Р. І. Балюк, назаве яе цікавай, інтэлігентнай і вельмі прывабнай жанчынай. І абавязкова дадасць, што гэта той выпадак, дзе ў адной асобе так удала і яскрава спалучаюцца чыста чалавечыя і прафесійныя якасці. Бо Раіса Іванаўна не толькі педагог ад Бога, але і добрая маці, бабуля, выдатная сяброўка, суседка. Як сама прызнаецца, лічыць сябе шчаслівай. І мае рацыю, бо ў яе жыцці ўсё склалася належным чынам: ёсць і цудоўная сям’я, і любімая работа, а гэта дорага каштуе. А яшчэ лёс наканаваў, што побач заўсёды былі добрыя людзі, на якіх хацелася раўняцца. Мая суразмоўца і сёння нізка схіляе галаву перад настаўнікамі са сваёй радзімы — Гродзеншчыны. Іх вобраз і зараз у яе вачах. З удзячнасцю ўспамінае гады працы ў Мядзельскай СШ №1 падчас дырэктарства К. А. Каратая — таленавітага настаўніка і сардэчнага чалавека. З павагай расказвае яшчэ пра аднаго дырэктара гэтай навучальнай установы І. І. Вараб’я, які быў крыніцай педагагічных ідэй і знаходак. Не без гонару ўзгадвае прозвішчы іншых калег, з якімі звяла сумесная праца ў самай старэйшай школе райцэнтра. Раіса Іванаўна вельмі задаволена і калектывам гімназіі-інтэрната горада, дзе працуе з моманту яе адкрыцця.Тут, па яе меркаванні, падабралася разумная адміністрацыя і выдатнейшыя педагогі, якія ўмеюць тварыць, шукаць і знаходзіць, у рабоце кожнага з якіх прысутнічае свая разыначка.

— Я вельмі шчаслівая, — гаворыць Р. І. Балюк, — што на працягу даволі значнай працоўнай біяграфіі з задавальненнем прыходжу на работу. Справа не толькі ў знакамітым законе Ома ці іншым матэрыяле, які трэба данесці навучэнцам, а ў момантах зносін з імі. Дзеці ўсе розныя, а таму знаёмства з імі ўзбагачае душэўна. Я многае пераймаю ў сваіх вучняў, але і сябе аддаю ім цалкам. Адчуваць сябе патрэбнай, згадзіцеся, вялікае шчасце. А ўвогуле ў прадмеце, які выкладаю, бачу прыгажосць і лагічнае мысленне, з дапамогай якіх і ствараюцца адпаведныя вобразы.

— Ведаю, што Вы пастаянна былі наватарам у выкладанні свайго прадмета. Не баяліся эксперыментаваць, штосьці вынаходзіць?

— Я і раней, ды і зараз гавару сваім калегам, — працягвае Раіса Іванаўна, — што не варта нечага палохацца, бо не багі гаршчкі абпальваюць. Трэба спрабаваць свае сілы, смялей удзельнічаць у розных семінарах, канферэнцыях. Гэта надасць настрой, жаданне нечага больш значнага дасягнуць.

Педагог і цяпер памятае, як у 90-ыя напісала артыкул, які быў надрукаваны ў саюзным часопісе “Фізіка ў школе”. Менавіта пасля яго публікацыі настаўніцу з Мядзела запрасілі ў Маскву ў рэдакцыю. А неўзабаве стала яна і членам рэспубліканскага творчага аб’яднання настаўнікаў фізікі. Яго ўзначальваў М. І. Закуцкі, які тады працаваў у інстытуце развіцця ў Мінску. Разам з іншымі педагогамі-наватарамі Раісе Іванаўне пашчасціла пазнаёміцца з вопытам калег з розных рэгіёнаў не толькі Беларусі, але і Савецкага Саюза, нават урокі даваць у незнаёмых класах. Дарэчы, у 1990 годзе гасцей з гэтага аб’яднання прымала і Мядзельская СШ №1. А ў 1995 годзе прыйшла і заслужаная ўзнагарода: педагог стала лаўрэатам Сорасаўскай прэміі. Дарэчы, толькі тры настаўнікі з Мядзельшчыны былі ўдастоены такога гонару.

— Калі мае сыны заканчвалі школу, не вельмі хацела, каб яны звязалі жыццё з дакладнымі навукамі, — прызнаецца мая суразмоўца, — бо не былі яны на той час у цане. А таму не сталі хлопцы ні фізікамі, ні інжынерамі. Аднак атрымалі вышэйшую адукацыі, знайшлі сваё прызванне. А вось унук Дзіма будзе мець роднасную са мной спецыяльнасць — інжынера-праграміста. Зараз займаецца на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Дарэчы, фізіку ў яго выкладала і нават была класным кіраўніком. Памятаю, як разам з унукам ездзіла на рэспубліканскую алімпіяду па фізіцы, дзе яму крышку не хапіла да перамогі.

Ганарыцца Раіса Іванаўна, што, акрамя яе, у сям’і яшчэ ёсць настаўнікі. Заканчваў педуніверсітэт імя Горкага яе муж, якога, на жаль, няма ў жывых, старэйшы сын, абедзве нявесткі таксама педагогі.

З дня ў дзень Р. І. Балюк з радасцю спяшаецца на працу, дзе яе чакаюць вучні і любімая справа. Яе па-ранейшаму маладая душа прагне зносін з падрастаючым пакаленнем, дае сілы жыць і адчуваць сябе патрэбнай.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: настаўнік фізікі гімназіі-інтэрната г. Мядзел Р. І. Балюк.

Фота Аляксандра Высоцкага.