Яшчэ раз пра “Мак”

111

Яшчэ раз пра “Мак”З пачатку лета і да 15 верасня на тэрыторыі Мядзельшчыны ў рамках спецыяльнай праграмы “Мак” праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне пасеву, вырошчвання, збору і распаўсюджвання наркаўтрымліваючых культур.
Мэтай штогадовай рэспубліканскай аперацыі з’яўляецца знішчэнне наркатычнай сыравіннай базы расліннага паходжання. Да раслін, якія растуць у нашай краіне і з якіх можна атрымаць наркатычны сродак, адносяцца мак і каноплі. Таму на тэрыторыі раёна (на прысядзібных участках, на землях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў) у гэты перыяд будзе праводзіцца работа па выяўленні незаконных пасеваў гэтых раслін.
Даведачна:
Падчас правядзення спецыяльнай праграмы “Мак” у мінулым годзе супрацоўнікамі РАУС быў выяўлены 21 факт незаконнага вырошчвання наркаўтрымліваючых культур, знішчана 50627 квадратных метраў незаконных пасеваў маку агульнай вагой 2032,03 кг, канфіскавана па крымінальных справах 259,66 г наркатычных сродкаў (макавай саломы), складзена 11 адміністрацыйных пратаколаў, выяўлена 4 злачынствы па лініі незаконнага абароту наркотыкаў (арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь).
Грамадзяне, якіх міліцыя прыцягвае да адказнасці за пасеў і вырошчванне маку і канапель, звычайна кажуць, што не ведалі аб забароне, вырошчвалі гэтыя культуры выключна для асабістых мэт і для прыгажосці. Аднак адгаворкі не вызваляюць ад адказнасці, а таму варта ведаць і памятаць, што за пасеў ці вырошчванне наркаўтрымліваючых раслін без мэты іх збыту прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 16.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь — штрафныя санкцыі ў памеры да 20 базавых велічынь. А грамадзяне, якія займаюцца вырошчваннем такіх раслін з мэтай іх збыту ці вырабу наркатычных сродкаў, нясуць крымінальную адказнасць.
Той, хто на сваім агародзе сее ці пакідае расці мак, каноплі, і кажа, што робіць гэта дзеля прыгажосці ці ў лекавых мэтах, павінен асэнсоўваць, што ён можа стаць аб’ектам увагі з боку наркаманаў. Бо часта асобы, якія ўжываюць наркотыкі, шукаюць месцы, дзе растуць мак і каноплі, пранікаюць туды, а здараецца, што і ў дамы, пакуль няма гаспадароў, учыняюць крадзяжы… А са здабытых раслін вырабляюць наркотыкі.
Калі вам стане што-небудзь вядома пра асоб, якія займаюцца вырошчваннем, продажам наркаўтрымліваючых культур, іншых відаў наркатычных сродкаў, а таксама пра тых, хто іх набывае, не заставайцеся раўнадушнымі да гэтага і звяртайцеся ў дзяжурную часць РАУС па тэлефоне 102 ці ў службу наркакантролю па тэлефонах 54-8-77, 8 029 344-08-42. Памятайце, што ад вашага разумення і пільнасці залежыць не толькі эфектыўнасць барацьбы з наркаманіяй, але і здароўе падрастаючага пакалення — магчыма, вашых дзяцей і ўнукаў.

П. ВАЙЦЮЛЬЯН.
Старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі і крымінальнай міліцыі РАУС, маёр міліцыі.