Яркі поспех юных робататэхнікаў

126

Яркі поспех юных робататэхнікаўУ суботу ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела робаты выбіралі найлепшы маршрут і дастаўлялі кліентам тавары са склада — установа прымала турнір па робататэхніцы ў рамках абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «JuniorSkills Belarus». 

Сабраліся тут прадстаўнікі Мядзельскага, Нясвіжскага, Салігорскага і Дзяржынскага раёнаў. Удзельнічала 9 каманд, у кожнай — па два чалавекі. Вызначалі лепшых у дзвюх узроставых катэгорыях — з 10 да 13 і з 14 да 17 год.
— А чаму выбралі Мядзел месцам правядзення турніру? — адрасую пытанне метадысту Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандры Жукавай.
— Таму што ў гімназіі-інтэрнаце ёсць адпаведнае абсталяванне, якое найбольш падыходзіць для правядзення конкурсу.
— Як, лічыце, робататэхніка развіваецца ў вобласці?
— Хуткімі тэмпамі. На Міншчыне за апошні год павялічылася колькасць устаноў, у якіх адкрыліся гурткі па робататэхніцы. І конкурс «JuniorSkills Belarus» таксама ўплывае на развіццё робататэхнікі: дзеці маюць магчымасць выйсці на міжнародную арэну.

 

 

— На ваш погляд, які ўзровень мядзельскіх робататэхнікаў?
— Яны каторы год трымаюцца на высокім узроўні. І на мінулым конкурсе «JuniorSkills Belarus» выдатна сябе паказалі. Упэўнена, што мядзельскія каманды і сёлета не падвядуць.
Дзеці спаборнічалі ў намінацыі «мабільная робататэхніка». Прадстаўнікі старэйшай узроставай катэгорыі павінны былі выканаць заданні з некалькімі відамі грузаў і паставіць іх на стэлаж. А меншыя навучэнцы — з адным відам грузу, але розных колераў.

Яркі поспех юных робататэхнікаўА перш, чым вывесці свайго робата на суд журы, трэба было напісаць праграму, пратэсціраваць, як вядзе сябе робат, унесці змяненні.
У кожнай катэгорыі былі тры тэставыя заданні і толькі адна пуцёўка на рэспубліканскі этап конкурсу «JuniorSkills Belarus». І заваявалі іх каманды з гімназіі-інтэрната. Прадстаўляць Мінскую вобласць у старэйшай катэгорыі будуць Андрэй Маліноўскі і Арцём Чаўлытка, а ў малодшай — Мікіта Жукоўскі і Дзяніс Барыеў. Дарэчы, Мікіта і Дзяніс набралі у заездах 51 бал з 60 магчымых, бліжэйшых канкурэнтаў абагналі больш чым на сорак балаў.
— У Мядзеле гэта быў першы турнір абласнога ўзроўню па робататэхніцы. Лічу, што прайшоў ён выдатна, — кажа трэнер каманд па робататэхніцы гімназіі-інтэрната Вячаслаў Саўчык.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Фота аўтара.