ЯКАЯ ЯНА, ЦАНА ПРАВАПАРУШЭННЯ?

113

ЯКАЯ ЯНА, ЦАНА ПРАВАПАРУШЭННЯ?МОЛАДЗЬ — будучыня любой краіны. І вельмі добра, калі яе энергія служыць крыніцай натхнення для ўдалых пачынанняў, робіць падрастаючае пакаленне самадастатковым і паспяховым. Аднак у жыцці не ўсё і далёка не ва ўсіх атрымліваецца гладка, бо розных спакус навокал хоць адбаўляй. Таму не-не, ды і даводзіцца казаць пра негатыўныя ўчынкі падлеткаў, меры па іх выкараненні, якія прымаюцца ў грамадстве. Вось і на апошнім пашыраным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ў мінулую пятніцу вялася прадметная і патрабавальная размова аб прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў у нашым азёрным краі летась і за пяць месяцаў гэтага года. Адметна, што ў яго рабоце прыняла ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Наталія Жыбуль. З дакладам выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Яна адзначыла, што з мэтай міжведамаснага падыходу дзяржаўных органаў у вырашэнні пытанняў абароны правоў дзяцей, прафілактыкі правапарушэнняў, сямейнага нядобрабыту, а таксама ўхілення прычын, якія спрыяюць учыненню падлеткамі злачынстваў, у мінулым годзе на Мядзельшчыне рэалізоўваўся адпаведны Комплексны план мерапрыемстваў. Гэты дакумент зацвярджаўся рашэннем камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што рэалізаваны ён не ў поўным аб’ёме. Адзін з пунктаў — аб правядзенні раённага конкурсу на лепшую маладую сям’ю — застаўся толькі на паперы. Адказныя за арганізацыю цікавага ўвогуле мерапрыемства — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама райкам БРСМ.
Летась за розныя правіннасці на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
разгледжаны 82 падлеткі. Сярод іх — 55 хлопчыкаў і 27 дзяўчынак. Такая вось цікавая арыфметыка! І пераважная большасць — школьнікі. Дваццаць два непаўналетнія навучаліся ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Якая ж структура правапарушэнняў сярод нашых непаўналетніх? Найбольш частыя — гэта распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскіх месцах альбо з’яўленне там у стане ап’янення, што зневажае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць — ажно
34 пратаколы. Далей, па зыходнай, ідуць парушэнні правілаў дарожнага руху, дробныя хуліганствы і крадзеж. Паўсотні пратаколаў складзена і ў адносінах да нядбайных бацькоў ці законных прадстаўнікоў падлеткаў.Трыццаць сем з іх адкараскаліся папярэджаннямі, астатнія заплацілі штраф. Выяўлены таксама чатыры факты рэалізацыі непаўналетнім алкагольных напояў у
крамах. Тут “вызначыліся” прадаўцы магазінаў “Прадукты” ТАА “Фітасвір-ГАНДАЛЬ” у Свіры, “Беларуская хата-2”, “Юбілейны” ў Мядзеле і індывідуальнага прадпрымальніка Дзевялтоўскага ў Крывічах. Ёсць ужо адзін такі факт і сёлета — крама “Мясная лаўка” ў Крывічах. Пры гэтым выказвалася меркаванне, што такім гора-работнікам прылаўка не месца ў гандлі. Гэта пазіцыя выклікае разуменне і падтрымку. Можна не сумнявацца ў наступным: ніводзін з іх не прадаў бы свайму сыну або дачцэ пляшку гарэлкі, затое чужому падлетку — калі ласка…
Нельга не адзначыць і таго, што за мінулы год выяўлены чатыры факты ўдзелу непаўналетніх у групе суіцыдальнага характару “Сіні кіт”, размешчанай у інтэрнэт-сетцы. Адзін з іх — са Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка і тры — з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Больш за тое, зарэгістравана дванаццаць суіцыдальных спроб. Адна тычыцца навучэнкі Нарацкай сярэдняй школы №2, астатнія — кантынгенту Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу. Як пазней выказаў меркаванне ў справаздачы дырэктар гэтай установы адукацыі Андрэй Дубаневіч, яны маюць “пастановачны” характар. Маўляў, такім чынам некаторыя выхаванцы імкнуліся дабіцца паслаблення ў рэжыме ўтрымання. Што датычыцца парушэнняў устаноўленых умоў адбыцця пакарання ў Крывіцкім вучылішчы закрытага тыпу, то яны кампетэнтнымі органамі не выяўляліся. Гэтакай думкі прытрымліваецца і Наталія Жыбуль: “Канечне, лепш за ўсё туды не трапляць. А вось умовы для вучобы і пражывання там створаны добрыя…” Увогуле, за мінулы год падлеткамі і з іх удзелам учынены тры злачынствы, што на адно менш, чым годам раней. Апроч таго, зафіксаваны два злачынствы супраць палавой недатыкальнасці, ці палавой свабоды, непаўналетніх. У 2016 годзе іх было пяць, а
сёлета за студзень-май — ніводнага.
У гэтым годзе камісія па справах непаўналетніх ужо разгледзела трыццаць восем спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Больш за палавіну тычыцца бацькоў, якія не выконвалі свае абавязкі па выхаванні дзяцей. Варта адзначыць, што летась за адпаведны перыяд такіх спраў было сем. Не дазваляе заспакойвацца пакуль і ўжыванне непаўналетнімі спіртных напояў ці знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах — дзевяць выпадкаў. Год таму іх было роўна ў тры разы менш! Зараз у цэнтральнай раённай бальніцы пад наркалагічным назіраннем знаходзяцца трынаццаць непаўналетніх. З’явіліся і новыя правапарушэнні, якіх раней не было. Маюцца на ўвазе два выпадкі наўмыснага знішчэння або пашкоджання падлеткамі маёмасці. І яшчэ. Двое падлеткаў, з якімі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама праводзяць індывідуальную прафілактычную работу, паўторна ўчынілі правапарушэнні. А ў сувязі з недаказанасцю віны асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, камісія спыніла шэсць спраў, бо выявіліся парушэнні адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства. Менавіта яны і не дазволілі рэалізаваць прынцып непазбежнасці пакарання…
На працягу справаздачнага перыяду праводзіліся мерапрыемствы па рэалізацыі міжведамаснай праграмы “Клопат”, акцый “Бяспечныя канікулы”, “Сябруем з Законам”, “Дапамажы пайсці вучыцца”… Так, у ходзе правядзення першай з акцый зарэгістравана адно правапарушэнне, якое ўчыніў навучэнец Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. А вучань Нарацкай
сярэдняй школы №2 атрымаў
апёкі твару першай ступені ў выніку выбуху феерверку і шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу, а потым — у абласную клінічную. Атрыманне траўмы абумоўлена невыкананнем правілаў карыстання піратэхнічнымі вырабамі як непаўналетнім, так і яго законным прадстаўніком. На працягу другой па ліку акцыі злачынстваў, якія ўчынены падлеткамі або з іх удзелам, не зарэгістравана. Аднак не таму, што іх не было. Проста два падлеткі яшчэ не дасягнулі ўзросту, калі прыцягваюць да крымінальнай адказнасці… Так што працаваць
яшчэ ёсць над чым! Асаблівай увагі патрабуе “група рызыкі” — падлеткі, якія не вучацца і не працуюць. “Пры гэтым, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, — усе зацікаўленыя павінны аб’яднаць намаганні, дружна весці прафілактычную работу ў адным напрамку, а не цягнуць, як кажуць, коўдру на сябе, тады і вынікі лепшыя будуць…”
Сваімі думкамі па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх таксама падзяліліся намеснік пракурора раёна Андрэй Гавета, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Вікторыя Вайцюльян. У разгорнутым рашэнні, якое прынялі па абмеркаваным пытанні, намечаны комплекс мер, накіраваны на прафілактыку безнагляднасці, злачынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх, абарону іх правоў і законных інтарэсаў, прывіццё павагі да працы і перадавікоў вытворчасці. Клопатаў хопіць усім: камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленню па адукацыі, спорце і турызме, раённаму камітэту БРСМ, сельскім выканаўчым камітэтам.
За час пасяджэння прыводзілася нямала невясёлых фактаў, пералічваліся прыкрыя ўчынкі непаўналетніх. І за кожным правапарушэннем — нечы канкрэтны лёс. А мне падумалася вось аб чым: нават калі ў ходзе прафілактыкі ўдасца адвесці, як кажуць у народзе, ”ад звілістай сцяжынкі” хаця б аднаго хлопца ці дзяўчыну, то гэта праца заслугоўвае ўхвалення і далейшага ўдасканалення…

Павел ЖУКАЎ.