За паліў агарода таксама трэба плаціць

375

ДАВОДЗІЦЦА чуць, як асобныя жыхары сельскай мясцовасці, што карыстаюцца цэнтралізаваным водазабеспячэннем, наракаюць, што плата за ваду налічваецца беспадстаўна. Па іх словах, прыходзіць чамусьці аднолькавая сума гаспадарам, якія пастаянна паліваюць агароды, і тым, хто гэтым амаль не займаецца. Так ці не — і паспрабавала высветліць.

Па праблеме звярнулася да начальніка Мядзельскага ўчастка Вілейскага водаканала Уладзіміра Клімовіча. Уладзімір Пятровіч патлумачыў, што ў заключаным са спажыўцом дагаворы агавораны ўсе моманты платы за паслугу. Разам з тым параіў звярнуцца у абаненцкі аддзел прадпрыемства, дзе налічваюцца сумы за выкарыстаную ваду.
Выконваючы абавязкі начальніка абаненцкага аддзела Антон Міна расказаў, што нормы расходавання вады зацверджаны рашэннем № 304 абласнога выканаўчага камітэта ад 6 красавіка 2015 года.
— Калі ўстаноўлены індывідуальны прыбор уліку вады, бяруцца за аснову яго штомесячныя паказанні. Тут усё зразумела: колькі зрасходавана — за столькі заплачана, — паведаміў Антон Аляксандравіч. — Пры адсутнасці лічыльніка прымяняюцца даведзеныя нормы выкарыстання вады. А гэта — на асабістыя мэты (у залежнасці ад колькасці зарэгістраваных у доме ці кватэры), для паліву ўчастка (ад яго плошчы), на ўтрыманне жывёлы (пры яе наяўнасці, за выключэннем курэй). З іх і складаецца агульная сума, якая дасылаецца для аплаты.

Палівачны сезон устаноўлены з 15 красавіка па 31 жніўня.

Штомесяц гэта ў сярэднім звычайна 10-12 дзён, у залежнасці ад тэмпературы паветра, выпадзення ападкаў. Калі на дварэ 25-30 градусаў цяпла, а то і больш, — гаспадары паліваюць свой агарод звычайна праз адзін-два дні. Вядома ж, выкідваюцца з палівачных тыя дні, калі праходзіў дождж. Таму для кожнага рэгіёну гэта лічба штомесяц будзе свая. Напрыклад, для суседніх Мядзельскага і Вілейскага раёнаў яна можа быць як аднолькавай, так і адрознівацца.
— А ці бярэцца ва ўвагу велічыня ўчастка, дзе расце гародніна?
— Абавязкова. Пры адсутнасці лічыльніка штогод палівачныя плошчы ўдакладняюцца. Для гэтай мэты наведваюцца ў домаўладанні кантралёры, замяраюць участкі. Яны ж цікавяцца колькасцю жыўнасці на падворку. Складаецца акт абследавання, згодна з якім усе змены ўносяцца ў заключаны са спажыўцом дагавор і выкарыстоўваюцца пры разліках.
— А ў дачнікаў і ў пастаянных жыхароў ці аднолькавыя даведзеныя нормы расходавання вады?
— Так. Таму хачу параіць усім, асабліва дачнікам, устанавіць лічыльнікі вады. Не бярэцца ва ўвагу, дзе вы знаходзіліся — на тэрыторыі свайго ўчастка ці выязджалі за яго межы, займаліся палівам альбо не. Ёсць нормы выкарыстання вады пры адсутнасці лічыльніка, вядома ў сярэднім колькасць палівачных дзён — і гэтага дастаткова для разлікаў платы.
Настойліва раіць жыхарам сельскай мясцовасці, якія карыстаюцца паслугамі цэнтралізаванага водазабеспячэння, устанавіць прыборы індывідуальнага ўліку вады таксама начальнік Мядзельскага ўчастка Вілейскага водаканала Уладзімір Клімовіч. Па меркаванні Уладзіміра Пятровіча, гэта дапаможа раз і назаўсёды зняць усе непаразуменні па плаце за расходаваную ваду.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.