Як раздзяліць агульны зямельны ўчастак?

83

Як раздзяліць агульны зямельны ўчастак?Пражываю ў доме, у якім размешчаны дзве кватэры. Мая палавіна дома перайшла мне ў спадчыну, аднак дакументаў на зямельны ўчастак у мяне няма. Мы пастаянна сварымся з суседам з-за зямлі. Падкажыце, калі ласка, як нам раздзяліць агульны зямельны ўчастак? Дапамажыце вырашыць гэту праблему.

Ганна.

ЗА адказам на гэта пытанне звярнулася да адваката юрыдычнай кансультацыі раёна А. В. САВАСЦЯНА:

— У адпаведнасці з артыкулам 10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, зямельныя ўчасткі могуць быць падзельнымі і непадзельнымі. Каб даведацца пра тое, як можна раздзяліць зямельны ўчастак, вам трэба звярнуцца ў землеўпарадкавальную службу па яго месцы знаходжання.

У выпадку, калі ўчастак з’яўляецца непадзельным, у вас застаецца права вызначыць парадак карыстання агульным зямельным участкам. Зрабіць гэта лягчэй у добраахвотным парадку, калі дасягнута дамоўленасць бакоў. А калі гэтага няма, заканадаўствам прадугледжаны парадак вырашэння спрэчкі праз суд.У адпаведнасці з пунктам 9 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 22.12.2011 года №9 “Аб практыцы разгляду судамі зямельных спрэчак” адсутнасць правасведчачых дакументаў на зямельны ўчастак не перашкаджае ўзбуджэнню справы і не выключае магчымасці вырашэння спрэчкі.

Артыкул 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі вызначае, што парадак карыстання непадзельным зямельным участкам, на якім размешчаны капітальныя пабудовы, якія знаходзяцца ў агульнай долевай уласнасці грамадзян, ажыццяўляецца прапарцыянальна іх долям у праве ўласнасці на гэтыя пабудовы. З улікам прынцыпу адзінства зямельнага ўчастка і размешчанага на ім будынка, належачая ўласніку пабудовы частка зямельнага ўчастка, як правіла, павінна прымыкаць да яго часткі дома. Агульны двор у карыстанне ўласнікаў будынкаў выдзяляецца толькі ў тым выпадку, калі магчымасць абсталявання асобных праходаў і праездаў да належачых кожнаму з іх пабудоў выключаецца.

Акрамя таго, парадак карыстання зямельным участкам вызначаецца, як правіла, на падставе заключэння судова-землеўпарадкавальнай экспертызы.

Больш падрабязную інфармацыю аб працэдуры вызначэння парадку карыстання зямельным участкам можна атрымаць, звярнуўшыся ў юрыдычную кансультацыю раёна.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Ад рэдакцыі: нагадваем, што пытанні можна накіроўваць па пошце на адрас рэдакцыі газеты ці дасылаць іх на электронны адрас выдання.