Як правільна скласці даўгавую распіску?

82

Як правільна скласці даўгавую распіску?ЧАСТА пазычаю сваім знаёмым грошы і пастаянна перажываю з-за гэтага. Раскажыце, калі ласка, як юрыдычна правільна скласці даўгавую распіску?

Марта.

За адказам на гэта пытанне звярнуліся да адваката юрыдычнай кансультацыі раёна Андрэя САВАСЦЯНА:

— Здзелкі фізічных асоб паміж сабой на суму да дзесяці базавых велічынь не патрабуюць пісьмовай формы. Толькі ў выпадку перадачы іншай асобе ў доўг грашовых сродкаў ці маёмасці на суму, якая перавышае дзесяцікратны размер базавай велічыні, павінен быць заключаны дагавор пазыкі ў пісьмовай форме, згодна з артыкулам 761 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.Самая простая пісьмовая форма дагавора-пазыкі гэта распіска. Як жа правільна падрыхтаваць яе, каб не было магчымасці прызнаць пасля несапраўднай? Існуе некалькі момантаў, якія патрэбна ўлічыць пры складанні дакумента. Па-першае, распіска павінна быць напісана пазычальнікам уласнаручна. Гэта неабходна для таго, каб у выпадку аспрэчвання сапраўднасці распіскі можна было правесці судовую почыркаведчую экспертызу. Па-другое, абавязкова павінны прысутнічаць у дакуменце наступныя звесткі: дата і месца складання распіскі, пашпартныя даныя пазычальніка, адрас пражывання, сума перадаваемых грашовых сродкаў альбо кошт перадаваемай маёмасці (прычым сума павінна быць напісана лічбамі ў беларускіх рублях, а затым прадубліравана пропісам), а таксама тэрмін вяртання сумы пазыкі.

У канцы тэксту неабходна паставіць подпісы і побач з імі ўказаць прозвішча, імя і імя па бацьку кожнага з бакоў. Таксама ў распісцы не рэкамендую рабіць вялікія водступы паміж радкамі ці словамі для таго, каб не было магчымасці туды што-небудзь дапісаць пасля здзяйснення здзелкі. Акрамя таго, пры перадачы грошай альбо маёмасці лепш запрасіць сведак, якія паставяць свае подпісы і прозвішчы ў распісцы. У выпадку ўзнікнення судовых спрэчак, гэтых сведак можна будзе выклікаць на судовае пасяджэнне для дачы паказанняў.

У выпадку выканання ўсіх названых вышэй патрабаванняў ваша распіска пры ўзнікненні спрэчак, у тым ліку і судовага характару, будзе з’яўляцца пісьмовым доказам заключанага дагавора-пазыкі.

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Ад рэдакцыі: нагадваем, што і надалей свае пытанні можна накіроўваць па пошце на адрас рэдакцыі газеты ці дасылаць іх на электронны адрас выдання.