Як “Нарачанская зара” цукар па Мядзеле шукала (спойлер: знайшла)

627

ШТО чуткі аб хуткім падаражанні цукру справакавалі ажыятажны попыт на яго, я даведалася з тэленавін. Цікава, а якая сітуацыя ў нас у Мядзеле?

Чацвер, 11:30. У магазіне “Меркурый” цукру няма. На пошце, у кіёску “Белсаюздруку” — таксама. Адказ усюды адзін: “Заказалі, чакаем”.

…У магазіне “Капеечка”, што на плошчы Шаранговіча, у продажы цукровая пудра і “Сахар желирующий Классик 1:1”. Але ж гэта тавар усё ж спецыфічны і даражэйшы, а я шукаю самы звычайны цукар.

— Зранку кускавы яшчэ быў, — кажа дарэктар магазіна Таццяна Мядкова. — А пясок разбіраюць вельмі хутка. Па 50, па 60 кілаграмаў людзі куплялі. Мы ж не можам усе свае плошчы заставіць адным цукрам, праўда? Дадатковую заяўку зрабілі, чакаем. На складах цукар ёсць, цана ранейшая.

…У іншым магазіне “Капеечка” (што на выездзе з Мя­дзела ў бок Вілейкі) цукар ёсць. Праўда, толькі кускавы.

Як “Нарачанская зара” цукар па Мядзеле шукала (спойлер: знайшла)
— Учора быў і пясок, — кажа дырэктар магазіна Васіль Корзік. — Дзесьці пасля трох гадзін прывезлі 800 кілаграмаў, а вечарам ужо не было. Гэта ажыятаж. У сярэднім бралі па тры-пяць дзесяцікілаграмовых упаковак. Цана засталася ранейшая.

На думку Васіля Міхайлавіча, ажыятаж гэты штучны: цукру на складах хапае, новы ўраджай буракоў будзе.

 

 

…На ганку “Еўраопта” сустракаю жыхарку Раманаўшчыны Алену Лазар.

Як “Нарачанская зара” цукар па Мядзеле шукала (спойлер: знайшла)— Учора ў аўталаўцы цукру не было, — расказвае яна пра сітуацыю ў сваёй вёсцы. — Прадавец казала, што тры ўпакоўкі ўзяла, ды іх хутка раскупілі. І ад “Ілаўскага” аўталаўка ў нас бывае, але і яна апошнім разам цукру не прывезла. Асабіста мне ён і не патрэбен: яшчэ летась накупляла, цукар жа не псуецца. Хоць, думаю, яго будзе дастаткова ў продажы. Проста зараз ажыятаж стварыўся.

 

На паліцах “Еўраопта” цукар адсутнічае.

— Яшчэ ў дарозе, — тлумачыць дырэктар магазіна Наталля Мацюшонак. — Сёння чакаем. Прыходзьце бліжэй да вечара — будзе. (Так яно і здарылася. — Аўт.). І раніцай быў. Але людзі па некалькі ўпаковак бралі, хоць, можа, каму і не трэба. У панядзелак у нас цукар меўся ў аб’ёме, якога звычайна хапае больш як на тыдзень. А як пайшлі чуткі, што падаражэе, — за паўдня раскупілі.

А што скажуць пакупнікі?

Як “Нарачанская зара” цукар па Мядзеле шукала (спойлер: знайшла)— Не спецыяльна дзеля цукру ў Мядзел прыехала — у бальніцы была, — гаворыць жыхарка Лук’янавіч Ірына Дзядзюля. — Ну і па цукар зайшлася. Ды вось ня­ма, а варэнне варыць трэба. А ў лук’яна­віцкім магазіне суседка апошнія чатыры кілаграмы ўчора забрала.

 

 

… У “Родным куце” па вуліцы Юбилейнай цукар ёсць — і на паліцах, і на паддоне.

— Толькі што прывезлі, — кажа прадавец Людміла Талайка. — І ўчора быў. Даём заяўку — прывозяць. Іншая справа, што і разбіраюць хутка: варэнні ж людзі вараць, кампоты ставяць… Цана ранейшая.

Чуючы нашу размову, жанчына, якая ўжо расплацілася за пакупкі, вяртаецца ў гандлёвую залу па ўпакоўку цукру.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.

 

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 23 ліпеня

 

 

АФІЦЫЙНА

— Для нас у прынцыпе дзіўныя чуткі аб тым, што нібы плануецца рэзкае павышэнне цэн на цукар. Такія прапановы ў нас нават не абмяркоўваюцца. Цана на цукар можа вар’іравацца толькі ў абмежаваным дыяпазоне — да 15% гандлёвай надбаўкі. Але ніякіх рэзкіх скачкоў быць не можа. Рэкамендую кіравацца афіцыйнай інфармацыяй, а не чуткамі.

Іван Вежнавец, першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю.