Як на Мядзельшчыне выпальванне сухой расліннасці прывяло да трагедыі

716

Невялічкая вёска Плецяшы Нарацкага сельскага савета… Фактычна ў вёсцы ніхто не пражывае, а ўсе домаўладанні выкарыстоўваюцца пад дачы. Вось на адну з такіх дач 29 красавіка і прыехала з Мінску пенсіянерка 1948 году нараджэння. Мабыць, адразу ж і вырашыла прыбраць тэрыторыю вакол домаўладання, але ж выбрала для гэтага не зусім бяспечны спосаб – спальванне сухой расліннасці, у выніку чаго атрымала сур ёзныя апёкі.

Суседка па вёсцы Плецяшы расказала, што пасля атрымання апёкаў давялося яшчэ пагутарыць з пацярпелай. “У некаторы момант полымя хутка распаўсюдзілася на вялікую плошчу і яна пачала тушыць загаранне, пры гэтым за дапамогай выратавальнікаў вырашыла не звяртацца, у выніку чаго і атрымала апёкі”. Далей… страта прытомнасці, рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы, дзе 3 мая, на жаль, памерла.

Напрыканцы артыкулу лічу не лішнім будзе нагадаць правілы бяспечнага спальвання смецця.

Канешне, лепш за ўсё адмовіцца ад такога небяспечнага спосабу пазбаўлення ад сухой расліннасці, галінак дрэў, смецця. Лепш за ўсё скласці ўсё непатрэбнае ў негаручую ёмістасць і ўтылізаваць у бязветранае надвор“е прама ў ёй. Але калі іншых варыянтаў няма, варта памятаць, што перш чым распаліць касцёр, трэба выбраць максімальна далёкае месца ад гаспадарчых пабудоў і жылых дамоў. Месца вогнішча неабходна акапаць. Пры сабе абавязкова трэба мець сродак, які дапаможа імгненна затушыць полымя. Гэта можа быць вогнетушыцель, рыдлёўка, вядро з вадой ці з пяском. Лёгкаўзгаральныя вадкасці, напрыклад такія як бензін выкарыстоўваць нельга. Прыбягаць да такога спосабу, як выпальванне сухой расліннасці, катэгарычна ЗАБАРАНЯЕЦЦА.

Але нават калі касцёр дагарэў, то пакідаць яго без увагі нельга. Унізе можа застацца гарачае вуголле, якое можа справакаваць паўторнае ўзгаранне.

Ірына Карапецян, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па надзвычайных сітуацыях, капітан унутранай службы.