Як адпачываеце ў вольны час?

78

Як адпачываеце ў вольны час?БОЛЬШАСЦЬ з нас ходзіць на работу. А вярнуўшыся дадому, стараецца і з хатнімі справамі ўправіцца хутчэй, і блізкім увагу ўдзяліць і, вядома, адпачыць, каб з новымі сіламі пачаць чарговы працоўны дзень. Вось і пацікавілася ў некаторых жыхароў азёрнага краю, як яны праводзяць свой вольны час? Пачула ж наступнае:

Людміла Уладзіміраўна НЕСЦЯРОВІЧ, намеснік дырэктара раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:

— Увогуле не ўяўляю свайго жыцця без градак, кветак. Асабіста мяне зямля адцягвае ад праблем, здымае стрэсы. У бацькоўскім доме, што дастаўся ў спадчыну, і ажыццяўляю ўсе свае задумкі. У продажы ёсць вялікі выбар насеннага матэрыялу, асобныя сарты выпісваю па пошце. Саджу, эксперыментую. Шмат у бібліятэцы часопісаў з карыснымі парадамі гаспадыням, асобныя з якіх таксама бяру сабе на заметку. Практычна маю ўсё сваё: клубніцы, суніцы, агуркі, памідоры, перцы, баклажаны, гарбузы… Вырашчанай сваімі рукамі гароднінай частую дзяцей, унукаў. Калі палола градкі, слухала кукаванне зязюлі, спеў салаўя. Ці ж не цудоўна? А яшчэ стараюся знайсці час, каб і газеты пагартаць, і навіны па тэлевізары паглядзець, і кніжку добрую перад сном пачытаць. Без гэтага таксама не магу.

Наталля Уладзіміраўна ЯРМАКОВІЧ, жыхарка вёскі Старыя Габы:

— Як у сельскай жанчыны, асабіста ў мяне шмат часу адымаюць дамашнія клопаты. Гэта прыгатаванне ежы, уборка ў хаце, мыццё адзення. А яшчэ ў мяне падрастае шасцігадовы сынок Уладзіслаў, якому вельмі патрэбна маміна ўвага. І кніжкі разам чытаем, і гуляем. Як і ўсе вяскоўцы, садзім і даглядаем агарод. Шмат расце каля дома і кветак. Ёсць там маміны любімыя гладыёлусы, якія яна пачала вырошчваць вельмі даўно. Мне ж вельмі падабаюцца ліліі, трынаццаць сартоў гэтых кветак выпісала, каб пасадзіць на падворку. Як зацвітуць, такая прыгажосць наўкола, а які водар! Шмат маем у доме і вазонаў, за імі таксама догляд патрэбен. За працай не забываем і пра сваякоў. Зрэдку ездзім у госці да маіх сясцёр, дачкі, пляменнікаў. А яшчэ ўлетку ўсёй сям’ёй любім адпачываць ля возера. Купаемся, загараем, назапашваем на свежым паветры сілы надалей. З задавальненнем частуемся і прыгатаванай юшкай з толькі што злоўленай рыбы.

Валянціна Іванаўна БУЙКО, галоўны бухгалтар ДПУ “Нацыянальны парк “Нарачанскі”:

— У дзяцінстве заўсёды канікулы праводзіла ў бабулі з дзядулем, таму вельмі люблю вёску. Мне падабаецца працаваць на зямлі. Вось па выхадных і ездзім сям’ёй у свой дом у Цюкшах, дзе з задавальненнем займаемся агародніцтвам, кветкаводствам, садоўніцтвам. Вясной садзім насенне, цэлае лета даглядаем расліны. А ўвосень збіраем вырашчаны ўраджай і радуемся плёну сваіх рук. Мне прыемна, што і мае суседзі, і калегі па бухгалтэрыі — заўзятыя кветкаводы-аматары. Мы і вопытам абменьваемся, і карыснымі парадамі, вычытанымі ў часопісах, якія выпісваем, і насеннем, і ўгнаеннямі… Так, лічу, і павінна быць. А яшчэ любім сям’ёй падарожнічаць. На курорт ездзім рэдка. А вось у госці да сваякоў у Польшчу і ў Германію наведваемся. Ну, вядома, не штогод, на гэта патрэбны грошы. Аднак раз у тры гады там абавязкова бываем. У Польшчы з задавальненнем заязджаем у святыя месцы. У Германіі знаёмімся з помнікамі архітэктуры. Дзецям вельмі падабаюцца забавы — паркі з атракцыёнамі, адкрытымі басейнамі, заапаркі… Ездзім на сваёй машыне, а таму маем магчымасць і родзічаў праведаць, і свет паглядзець.