Выязное пасяджэнне калегіі

77

Выязное пасяджэнне калегііДНЯМІ ў зале райвыканкама адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь па пытанні «Аб мерах па рэалізацыі паўнамоцтваў у галіне аховы працы, прадстаўленых Мядзельскаму райвыканкаму Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы». На яго запрашаліся кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, спецыялісты па ахове працы (адказныя за ахову працы), кіраўнікі галіновых прафсаюзаў (АПК, адукацыі, аховы здароўя) Мядзельшчыны.

Распачынаючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама І. І. Шацько прадставіў гасцей. А гэта А. П. Садоўнічы — старшыня калегіі, дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, А. У. Семіч — першы намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы,С. У. Камінскі — начальнік упраўлення арганізацыі нагляду і кантролю Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, В. В. Ягела — начальнік упраўлення прававога забеспячэння і нагляду Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, І. І. Шыманскі — першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, Т. А. Дамарацкая — першы намеснік старшыні камітэта занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкама.

З дакладам выступіў І. І. Шыманскі. Ён расказаў, што наш раён па колькасці працуючых займае 18 месца ў вобласці, а вось па траўматызму з цяжкімі наступствамі — адно з лідзіруючых.

— Каэфіцыент частаты вытворчага траўматызму са смяротным зыходам у раёне ў 2012 годзе склаў 15,6. У той час гэты паказчык па вобласці складае 4,5, рэспубліцы — 4,1, — падкрэсліў Іван Іванавіч. — З 2006 па 2011 год на прадпрыемствах і ў арганізацыях Мядзельшчыны загінулі 2 чалавекі і 5 — атрымалі траўмы з цяжкім зыходам. А вось за мінулы год загінулі 2 работнікі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, і 2 — атрымалі траўмы з цяжкім зыходам. Сёлета таксама адбыўся няшчасны выпадак з цяжкімі наступствамі.

Дакладчык адзначыў, што асноўнымі прычынамі няшчасных выпадкаў з’яўляецца невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, прыцягненне работнікаў да выканання работ без навучання бяспечным метадам іх выканання і многае іншае. На тэрытарыяльным узроўні ўпраўленне па ахове працы не прымае вычарпальных мер і рашэнняў па праблемных пытаннях бяспекі і ўмоў працы ў арганізацыях, якія знаходзяцца на падведамаснай райвыканкаму тэрыторыі.

Спыніўся прамоўца на пытаннях укаранення ў арганізацыях раёна сістэмы ўпраўлення аховы працы. Тут таксама ёсць шмат недапрацовак, бо яна ўкаранёна толькі ў 54 з 186 суб’ектаў гаспадарання Мядзельшчыны, што складае 29 працэнтаў. Сёлета гэта сістэма павінна запрацаваць яшчэ ў 7 арганізацыях.

— Пры такіх тэмпах дадзены працэс можа расцягнуцца на 10-15 гадоў, — падкрэсліў І. І. Шыманскі.

Заслужаная крытыка прагучала ў адрас упраўлення па ахове працы райвыканкама і асобных спецыялістаў арганізацый і ўстаноў Мядзельшчыны. Не рэгулярна праводзяцца дні аховы працы. Увогуле, недахопаў было агучана шмат. Таму і прапанаваў прамоўца прызнаць работу райвыканкама па ажыццяўленні дзяржаўнага кіравання аховай працы на тэрытарыяльным узроўні не ў поўнай меры забяспечваючай рэалізацыю паўнамоцтваў, якія прадстаўлены Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы».

На пасяджэнні калегіі справаздачу трымала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. Г. Даніленка. Крытыку ў адрас упраўлення яна прызнала канструктыўнай і паабяцала, што будуць прыняты дзейсныя захады для выпраўлення становішча і недапушчэння падобных недапрацовак у будучым. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу М. А. Юркевіч паведаміў, якія формы і метады прымяняюцца на месцах для таго, каб прымусіць работніка захоўваць патрабаванні інструкцыі па ахове працы, як арганізаваны грамадскі кантроль. А вось дырэктар УП «Габы-Агра» С. І. Будзько даваў тлумачэнні, чаму на месцы не спяшаюцца ўхіліць недахопы па ахове працы, якія меры прымаюцца па недапушчэнні парушэнняў правілаў аховы працы. Ён расказаў таксама пра меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання работнікаў, якія накіраваны на строгае выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі, недапушчэнне няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Першы намеснік старшыні камітэта занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкама Т. А. Дамарацкая расказала пра ўмовы падрыхтоўкі спецыялістаў па ахове працы, тэрміны навучання, як праводзіцца перападрыхтоўка кадраў на базе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхніч¬нага ўніверсітэта. Яна заклікала мэтанакіравана працаваць над гэтым пытаннем.

Закончылася пасяджэнне падвядзеннем вынікаў і прыняццем адпаведнай пастановы.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.