Вырошчваць хлеб — сямейная справа

131

Вырошчваць хлеб -- сямейная справаУСЁ лепшае дзеці бяруць ад бацькоў. Многія яшчэ змалку пачынаюць пераймаць іх звычкі і захапленні. Асабліва хлапчукі, калі тата звязаны з тэхнікай. Уладзіслаў Францавіч Рацкевіч усё жыццё адпрацаваў механізатарам у колішнім саўгасе «Свір». Розныя маркі трактароў праз яго рукі прайшлі. Таму сын Аляксандр заўсёды лічыў за шчасце праехаць побач з бацькам. Нярэдка ўяўляў, як самастойна едзе на стальным кані. Як па свежаўзаранай раллі за ім важна расхаджваюць буслы. Любоў да тэхнікі ў Аляксандра засталася на ўсё жыццё — ён стаў механізатарам. А прафесію набыў падчас вучобы ў школе, у вучэбна-вытворчым камбінаце.

— Але гэта было вельмі даўно. У сакавіку наступнага года споўніцца дваццаць гадоў, як працую механізатарам, — зазначае Аляксандр Уладзіслававіч.

Варта сказаць, што праца на зямлі для Рацкевічаў — справа сямейная. Яны не здраджваюць роднай мясцовасці, роднай гаспадарцы, дзе трывала пусцілі свае карані. Прыкладам з’яўляецца бацька Уладзіслаў. Усё жыццё ён шчыраваў на хлебных палетках. Нават калі пайшоў на заслужаны адпачынак, не змог без справы сядзець дома. Пакуль дазваляла здароўе аказваў пасільную дапамогу гаспадарцы. А вопытныя, руплівыя механізатары заўсёды патрэбны.

Бацькавай дарогай пайшлі і сыны. Старэйшы Часлаў завіхаецца вадзіцелем аўтамабіля «МАЗ». А вось Аляксандр — механізатарам.

— Веснавая сяўба, нарыхтоўка кармоў, жніво — на кожным этапе Аляксандр задае тэмп і паказвае прыклад шчырай прыхільнасці, добрасумленных адносін да справы свайго жыцця. Гэта вопытны, працавіты і адказны механізатар. Кантроль за ім не патрэбен. Акуратна, захоўваючы ўсе патрабаванні тэхналогіі, выконвае ён любыя работы на зямлі. А пры старанні і вынікі працы відавочныя, — кажа дырэктар ААТ «Свір-Агра» Г. Б. Юхно.

Генадзій Бярнардавіч расказаў, што сёлета менавіта Аляксандр Рацкевіч, за якім замацаваны трактар «МТЗ-3022» у агрэгаце з сеялкай «АПП-6», вясной пасеяў збажыну і кукурузу на плошчы 562 гектары. Надышоў час убіраць вырашчаны ўраджай — перасеў на камбайн «КЗС-1218».

І зноў вынікі някепскія. Намалаціў 421 тону хлеба.

— Гэты паказчык мог быць больш важкім. Справа ў тым, што жніво закончыў рана, патрэбна было рыхтаваць глебу і сеяць азімы рапс. Таму перасеў з камбайна на трактар. А ўборку працягваў мой памочнік Алег Ахрановіч. Старанны, руплівы хлопец, — кажа Аляксандр Уладзіслававіч.

— Колькі гектараў асенняй сяўбы на вашым рахунку? — цікаўлюся ў Рацкевіча.

— На 300 гектарах пасеяў азімы рапс, яшчэ на 370 — пшаніцу, трыцікале і жыта. Работы хапае штодзённа. Адпачываць буду зімой, — усміхаецца ён.

— Тэхніка не падводзіць?

— Не. Трактару вясной будзе пяць гадоў. Тэхніка магутная і надзейная. Але за ёй патрэбен адпаведны догляд, — чую ў адказ.

З далейшай размовы даведаўся, што перш, чым атрымаць «МТЗ-3022», працаваў Аляксандр, як ён сказаў, на «малых» трактарах: «МТЗ-82», «МТЗ-1221». Работы пастаянна хапала. Узорваў і дыскаваў глебу, касіў травы, сеяў і ўбіраў збажыну. Словам, універсальны сельскі механізатар. Вось і сёлета ў час нарыхтоўкі кармоў Аляксандр трамбаваў сянажную масу ў траншэях у начны час.

— Старанны і адказны працаўнік на любым участку работ дасягае поспехаў. Любоў да роднай зямлі, да родных мясцін, дзе нарадзіўся і жыве і з якімі звязаў свой лёс, не дазваляюць працаваць абыякава. Больш бы нам такіх хлебаробаў як Аляксандр Рацкевіч. А ён — механізатар ад Бога, — дадаў на развітанне Г. Б. Юхно.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: адзін з лепшых механізатараў ААТ «Свір-Агра» А. У. Рацкевіч.

Фота аўтара.