Выратавальнікі вызначылі мацнейшых

118

Выратавальнікі вызначылі мацнейшыхПа добрай традыцыі на возеры Мястра ў нашым райцэнтры прайшлі абласныя спаборніцтвы па выратавальным мнагаборстве. Праўда, надвор’е не вельмі спрыяла — амаль увесь дзень ішоў дождж.

Вітаючы прысутных, старшыня абласнога савета Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Станіслаў Смольскі падкрэсліў:
— Людзі церпяць бедства на вадзе ў любое надвор’е. Таму і вы павінны быць гатовы прыйсці на дапамогу пры любых абставінах. Галоўная сённяшняя мэта — праверка ўмення і гатоўнасці работнікаў станцый і пастоў, нашых дружыннікаў да аказання дапамогі, выяўленне самых лепшых прафесіяналаў і добраахвотнікаў гэтай адказнай справы. Менавіта яны будуць адстойваць гонар сталічнай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія сёлета пройдуць на Браслаўскіх азёрах…
Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг спаборніцтваў даецца пераможцам мінулагодніх спаборніцтваў, а гэта каманды прафесіяналаў станцыі «Зубраня» і дружыннікаў Мядзельскага раёна.
Затым да мікрафона падыходзіць старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Анвар Ігамбердзіеў.
— Менавіта вы прыходзіце на дапамогу тым, хто цярпіць бедства на вадзе. Сёлета выратавана 18 чалавек, з іх 8 — непаўналетнія. Сённяшнія спаборніцтвы — гэта дэманстрацыя сіл і магчымасцей работнікаў, якія штодзённа стаяць на варце чалавечых жыццяў. Жадаю вам поспехаў, і няхай пераможа мацнейшы, — падкрэсліў Анвар Адзілжанавіч.
Цёпла прывітала прысутных намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева.
Выратавальнікі вызначылі мацнейшых— Сёння тут сабраліся людзі, якія любяць і добра ведаюць ваду. А Мядзельшчына багатая на азёры. Вось і з неба сёння падаюць кроплі вады. Усё гэта здорава. Менавіта ў вадзе зараджаецца жыццё, але вада — і небяспека. Тым больш, калі не выконваеш правілы бяспекі на вадзе. Вось тут на выручку прыходзіце вы, — зазначыла Іна Іванаўна. — Жадаю ўсім удачы…
Вядучы спецыяліст абласной арганізацыі таварыства выратавання на водах Міхаіл Фралоў расказаў, што штатныя работнікі станцый і дружыннікі-выратавальнікі спаборнічаюць асобна, але па аднолькавых дысцыплінах: буксіроўка манекена ўплаў на 50 метраў, падача выратавальнага круга, плаванне з перашкодамі на 100 метраў, веславанне на лодцы з падняццем манекена.
— Супрацоўнікаў станцый таксама правераць, як яны дзейнічаюць падчас выхаду катара па трывозе, — дадае Міхаіл Мікалаевіч.
Цікава было назіраць, як спраўляліся з тым альбо іншым заданнем дружыннікі і прафесіяналы. Вось плаванне на лодцы з вёсламі. Належала не толькі адолець вызначаную дыстанцыю, але і дастаць з вады манекен. Вецер і хвалі на возеры не заўсёды дазвалялі з першага разу «падысці» да манекена. А на вынік уплывала хуткасць выканання задання.
Здаецца, што складанага кінуць з берага выратавальны круг, прычым як мага далей? Але і гэта заданне — не з лёгкіх. Памылкі дапускалі ўсе. Круг ляцеў далёка, але выходзіў за межы вызначанага калідора.
Выратавальнікі вызначылі мацнейшыхДля прафесіяналаў важнейшым элементам спаборніцтваў быў выхад катара па трывозе. Толькі спрыт кожнага, зладжаныя дзеянні ўсёй каманды маглі гарантаваць поспех. У склад каманды ўваходзілі тры чалавекі: матарыст і два вадалазы. Па камандзе суддзі яны зрываюцца з месца, адвязваюць катар і імчаць па воднай гладзі. На хаду патрэбна надзець рыштунак на вадалаза. Развярнуўшыся ля буя, катар імчыць да абазначанага квадрата, у якім знаходзіцца затоплены манекен, становіцца на якар. Вадалаз нырае, знаходзіць манекен, а астатнія члены каманды падымаюць яго на борт. На ўсё адводзіцца не больш за пяць мінут. Медыкі сцвярджаюць, што вярнуць да жыцця чалавека, мозг якога быў без кіслароду больш за пяць мінут, практычна немагчыма. Таму выратавальнікі ўважліва сачылі за дзеяннямі калег і ажыўлена абмяркоўвалі іх прамашкі, спадзеючыся, што самі такога не дапусцяць. Іншы раз лічаныя хвіліны аддзялялі каманды адна ад адной. Пасля выступлення выратавальнікаў са станцыі «Зубраня» многія зразумелі, што шанцаў на перамогу ў іх не засталося. Але апошняе слова за суддзямі…
І вось спаборніцтвы закончаны. Выратавальнікі могуць адпачыць, выпіць гарачай кавы ці гарбаты, расслабіцца. А судзейскай брыгадзе трэба вызначыць пераможцаў.
Гучыць каманда на пастраенне. Да мікрафона падыходзіць Станіслаў Смольскі.
— З мэтай, якая стаяла на сёння, паспяхова справіліся. Нават калі хто-небудзь не дасягнуў намечанага выніку — не бяда. Кожны паспрабаваў свае сілы, навыкі і зразумеў, дзе недапрацоўвае, на што варта звярнуць большую ўвагу, каб у наступным годзе паказаць больш лепшыя вынікі, — гаворыць Станіслаў Станіслававіч. —
А пакуль парадуем тых, хто выйшаў у прызёры…
Прыемна адзначыць, што ў асабістым заліку сярод дружыннікаў-выратавальнікаў трэцяе месца заняў Антон Смолка, а другое — Дзмітрый Заваліхін з Мядзельскай раённай арганізацыі. На першым месцы — Аляксандр Лагвінец з Мінскага раёна. Сярод каманд дружыннікаў-выратавальнікаў 1-е месца прысуджана прадстаўнікам Мядзельшчыны. Нашу каманду ўзначальваў старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Аляксей Лапека. Крыху пазней Аляксей Пятровіч папрасіў выказаць шчырыя словы падзякі дырэктару СДЮШАР Андрэю Малько, які трэніраваў каманду, рыхтаваў да спаборніцтваў. Дарэчы, у яе склад увайшлі Дзмітрый Заваліхін, Антон Смолка і Марат Баран.
На другім месцы — дружыннікі з Вілейкі, на трэцім — з Салігорска.
Выратавальнікі вызначылі мацнейшыхУ камандным заліку сярод штатных работнікаў на трэцім месцы — прадстаўнікі Вілейскай станцыі, на другім — выратавальнікі станцыі «Нарач» (начальнік станцыі Сяргей Цяляк), а на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару паднялася каманда з Барысава. У спаборніцтвах па выхадзе катара па трывозе прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе — у каманды з Вілейкі, другое — з Салігорска.
А перамогу святкавалі выратавальнікі са станцыі «Зубраня», калектыў якой узначальвае Аляксандр Андрэеў. У склад каманды ўваходзілі матарыст Аляксандр Сідаровіч, вадалазы Сяргей Кузьміч і Аляксей Ворса.
Каманды-пераможцы атрымалі прыгожыя кубкі, граматы, грашовыя прэміі, а члены каманды — медалі і прэміі. Тыя, хто заняў прызавыя месцы ў асабістым заліку, таксама адзначаны дыпломамі, медалямі і прэміямі.
Пад дружныя апладысменты прысутных Станіслаў Смольскі шчыра павіншаваў старшыню Слуцкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Алега Рудніцкага з 50-годдзем і пажадаў яму яшчэ доўга і плённа працаваць на ніве выратавання людзей.
Спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Немалая заслуга ў гэтым калектыву Мядзельскай станцыі на чале з Дзмітрыем Дамшэлем. Застаецца толькі пажадаць выратавальнікам як мага менш выхадаў катара па трывозе, няхай на вадзе нічога надзвычайнага не здараецца.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.