Выратавальнік — стыль жыцця

130

Выратавальнік — стыль жыццяНА сходзе актыву па падвядзенні вынікаў у народнай гаспадарцы Мядзельшчыны за мінулы год перадавым работнікам, а гэта трыццаць чалавек, былі ўручаны пасведчанні «Лепшы па прафесіі» з занясеннем іх прозвішчаў на раённую Дошку гонару. Гэта людзі розных прафесій, розных узростаў. Сярод іх — начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста
№ 13 вёскі Палессе старшы сяржант унутранай службы Андрэй Томкавіч. Нядаўна сустрэўся з Андрэем і пацікавіўся яго ўражаннямі ад мерапрыемства.
— Ведаеце, на такім сходзе давялося прысутнічаць упершыню. Усё вельмі цікава. Асабліва прыемна было чуць словы падзякі ў свой адрас ад кіраўнікоў раёна. Ніколі не думаў, што менавіта мой фотаздымак размесцяць на раённай Дошцы гонару, — сціпла прызнаецца Андрэй Уладзіміравіч. — Вунь колькі ёсць вопытных выратавальнікаў, якія адпрацавалі па дзесяць-дваццаць гадоў…
Спытаў у намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўніка ўнутранай службы Алега Вараб’я пра Андрэя Томкавіча.
— Усяго два гады таму Андрэй абраў для сябе прафесію выратавальніка, але ўжо паказаў сябе з найлепшага боку. Асабістым прыкладам ён натхняе падначаленых на бездакорнае выкананне службовых абавязкаў. Пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства, узроўню фізічнай і баявой падрыхтоўкі. А яшчэ Андрэй Уладзіміравіч вельмі шчыры і добразычлівы чалавек. Ён у любую хвіліну гатовы прыйсці на дапамогу таварышу, — кажа Алег Слававіч.
У выратавальнікі ідуць фізічна здаровыя мужчыны і, як прызнаюцца самі, па закліку душы. Найчасцей аб прафесіі мараць з дзяцінства. Ужо на службе прывыкаюць да цяжкасцей і загартоўваюцца. А з цягам часу нават не ўяўляюць сябе ў іншай прафесіі. Выратавальнік — гэта стыль жыцця. Людзі ведаюць пажарных, ідуць да іх па парады. Ну і, бясспрэчна, калі здарыцца няшчасце, выратавальнік першы з натоўпу кінецца на дапамогу, нават калі ён не на баявым дзяжурстве.
«Ведай сваю задачу і выконвай яе адказна і сумленна», — такога дэвізу прытрымліваецца Андрэй Томкавіч у сваёй нялёгкай службе. А яшчэ важным у ёй называе прафесійнае самаўдасканаленне і пэўныя якасці характару — чуласць, разуменне, вытрымку: на ліквідацыі надзвычайных сітуацый неабходна максімальная сканцэнтраванасць — без лішніх эмоцый і хваляванняў. Са слоў калег, якія добра ведаюць Андрэя Уладзіміравіча, усё гэта уласціва яму. Як і аптымізм, гаспадарлівасць. У вольны час ён займаецца добраўпарадкаваннем дома (жыве Андрэй з бацькамі ў аграгарадку Будслаў) і прысядзібнай тэрыторыі. Любіць на рыбалку з’ездзіць, схадзіць летам у лес у грыбы.
— Служба ў органах па надзвычайных сітуацыях — выпадковасць ці свядомы выбар? — цікаўлюся.
— Больш за ўсё свядомы выбар, — чую ў адказ.
Андрэй расказаў, што пасля заканчэння Будслаўскай школы падаўся ў сталіцу ў Беларускі дзяржаўны каледж прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Паўтара года працаваў на заводзе будаўнічых матэрыялаў у Мінску слесарам-рамонтнікам. Але жыццё ў горадзе не вельмі падабалася хлопцу, які з маленства прывык да вёскі. Нарадзіўся і вырас ён на хутары, непадалёку ад вёскі Слабада. Потым бацькі пераехалі ў Будслаў. Вось і вырашыў юнак вярнуцца дадому, а працаваць уладкаваўся на пажарны аварыйна-выратавальны пост.
— Пакуль праходзіў камісію, атрымаў павестку ў армію. Служыў кантралёрам у Смаргонскай пагранічнай групе на пункце пропуску «Катлоўка», — расказвае Андрэй Уладзіміравіч. — Пасля службы ў кастрычніку 2015 года прыйшоў сюды. Спачатку — месяц стажыроўкі ў часці ў Мядзеле. Службу распачынаў камандзірам аддзялення. У студзені 2016 года накіравалі на перападрыхтоўку на тры месяцы ў Заслаўе. А напрыканцы вясны прызначылі на пасаду начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Тушыць пажары ўмеў, а як весці дакументацыю, складаць справаздачы і многае іншае, дакладна не ведаў. На дапамогу прыйшоў старшы прапаршчык унутранай службы Уладзімір Ланец. Раней ён займаў пасаду начальніка паста. Фактычна Уладзімір Васільевіч стаў маім настаўнікам. Яму шчыра ўдзячны за дапамогу, падтрымку…
Шмат добрых слоў выказаў Андрэй у адрас старшыны ўнутранай службы вадзіцеля Віталія Лаўрыновіча, які працуе з 2000 года. Ды і пра іншых падначаленых (а ў яго падпарадкаванні сем чалавек) гаварыў цёпла, з душой.
На пытанне, як часта даводзіцца выязджаць баявым разлікам, Андрэй Уладзіміравіч адказвае:
— Бывае, што за змену не выязджаем увогуле. А здараецца — некалькі дзён запар. Яшчэ многае залежыць ад сезона: вясной і ўвосень людзі паляць смецце і сухую траву, улетку існуе пагроза лясных пажараў, узгаранняў на збожжатаках, зімою могуць няўдала цепліць печы. Каб паменшыць колькасць названых праблем, у нас наладжана прафілактычная работа. Папярэджваем гаспадароў пра недахопы і патрабуем іх ухіліць. Часта праводзім гутаркі ў дзіцячых і працоўных калектывах. Усім зразумела, што пажар лепш папярэдзіць, чым тушыць.
Калі ў пажарных здараецца «ціхая» змена, яны маюць магчымасць паглядзець тэлевізар, патрэніравацца на турніку — гэта патрэбна для псіхалагічнай разгрузкі. Таксама пост мае пакой, дзе можна паесці і адпачыць.
— Абслугоўваем мы населеныя пункты Будслаўскага сельсавета. Пры неабходнасці выязджаем на тушэнне пажараў у Княгінінскі, Крывіцкі сельсаветы, Даўгінаўскі — Вілейскага раёна. Ды і ў Докшыцкі раён даводзілася выязджаць. Як не дапамагчы суседзям, калі ў іх бяда, — працягвае размову Андрэй Томкавіч.
— Ці шкадуеш, што абраў менавіта гэту прафесію?
— Ніколькі. Дапамагаць людзям у экстраннай сітуацыі — гэта пачэсна і ганарова. А тыя цяжкасці, з якімі даводзіцца часам сустракацца, нішто ў параўнанне з падзякамі людзей, — адказаў на развітанне малады выратавальнік.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.