Ветэран жыве так блізка

74

Ветэран жыве так блізкаНАСТУПНЫ год для нашай краіны адметны тым, што будзем адзначаць радасную падзею — 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысц¬кіх захопнікаў. У сувязі з гэтым нас чакаюць хвалюючыя сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, мы будзем трымаць над імі шэфства, ушаноўваць герояў. На жаль, іх, удзельнікаў той страшнай вайны, усё менш і менш. Аднак яны ёсць, галоўнае — заўважаць і клапаціцца пра ветэранаў. Адзін з іх, Васіль Кухарэнка, жыве блізенька ад нашай школы. Штодзень можна бачыць старэнькага дзядулю, які завіхаецца ля свайго дома альбо ідзе няспешна ў краму. Васілю Мікітавічу ўжо за дзевяноста год, але ён рухавы і назіральны.

На вайну Васіль Кухарэнка патрапіў 18-гадовым юнаком, удзельнічаў у лёсавызначальнай бітве на Курскай дузе. Дзякуючы ўдаламу контрнаступленню савецкіх войскаў, да 23 жніўня 1943 года былі вызвалены Арол, Белгарад і Харкаў, стварыліся ўмовы для аперацыі па ачыстцы Беларусі ад акупантаў, якая і распачалася неўзабаве. 26 верасня байцы Бранскага фронту ўступілі на тэрыторыю нашай рэспублікі і вызвалілі першы беларускі раённы цэнтр — Хоцімск. Аб тым, як ваяваў Васіль Мікітавіч, сведчаць яго баявыя ўзнагароды — ордэны Славы III ступені, Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”. З біяграфіі ветэрана вядома, што нарадзіўся Васіль Кухарэнка ў 1923 годзе ў вёсцы Красавіцкая Слабада на Магілёўшчыне. Да вайны паспеў закончыць восем класаў, а ў ліпені 1941 года яго прызвалі на фронт. Пасля невялікай вайсковай падрыхтоўкі накіравалі на Бранскі фронт у складзе знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна. З баямі прайшоў Сумскую і Чарнігаўскую вобласці, фарсіраваў Днепр, удзельнічаў у вызваленні Жытоміра, Шапятоўкі, Цераспаля. У адным з баёў яго параніла, а пасля вяртання ў строй са шпіталю патрапіў ужо на першы Украінскі фронт. Пры фарсіраванні Віслы атрымаў яшчэ адно раненне, і ў маі 1945 года яго камісавалі па стану здароўя.

Пасля вайны Васіль Мікітавіч закончыў Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, працаваў механікам у Радашковіцкай, Вілейскай МТС. А затым ажно 47 год выкладаў у тагачасным Свірскім вучы¬лішчы механізацыі. Так сталася, што жонка рана пайшла з жыцця, і таму дзвюх дачок Галіну і Людмілу яму давялося, як кажуць, у адзіноце ставіць на ногі. Дзяўчаты аказаліся здольнымі, атрымалі добрую адукацыю, Людміла закончыла школу з залатым медалём. Цяпер яны не забываюць тату, на зіму запрашаюць да сябе. А калі ў правы ўступае па-сапраўднаму цёплая вясна, вяртаецца ў Камарова. Пра ўсё гэта мы пачулі падчас нядаўняй сустрэчы з ветэранам у актавай зале Свірскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя — філіяла Вілейскага каледжа. З роляй вядучай на ранішніку цудоўна справілася вучаніца Эвеліна Гуйская. Асноўныя факты з біяграфіі Васіля Кухарэнкі агучвалі Лізавета Горбач, Святлана Юркевіч, Дар’я Алёшка. Вершы пра Вялікую Айчынную вайну прачыталі Паліна Марчанка, Вераніка Бабіч, Аляксандр Свідовіч, прагучалі і песні ў выкананні юных самадзейных артыстак Паліны Малькевіч, Паліны Марчанкі, Лізаветы Рабянок, Лізаветы Марчанкі…

Наконт арганізацыі такой памятнай сустрэчы добра парупіліся кіраўнік гуртка “Валошкі” Іван Драўніцкі, загадчыкі Камароўскага сельскага клуба Ларыса Рабянок, мясцовай бібліятэкі Марыя Анішчанка, настаўніца музыкі і спеваў Святлана Горбач, дырэктар школы Таццяна Урбановіч, прадстаўніца Свірскага СПЛ Таццяна Рымша. Напрыканцы сустрэчы ў выкананні вучня 5 класа Кірылы Фале¬віча прагучалі радкі верша:

Ветэран жыве так блізка,

З ім ідзём да абеліска,

На сустрэчы запрашаем,

Хай ён клопат адчувае —

Пра вайну зноў узгадае…

Зараз на двары восень. Самы час садзіць дрэўцы. І Васіль Мікітавіч у той дзень з вучнямі і настаўнікамі школы пасадзіў каля помніка загінуўшым воінам-землякам у Камарове маладзенькі дубок. Расці, дрэўца! Жыві яшчэ доўга, ветэран! Увесну, вярнуўшыся ад сваіх дачок, у Дзень Перамогі зноўку завітай да помніка, атуленага прыгажунямі бярозкамі. А ў блакітным небе закружаць буслы, вітаючы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны…

Вольга ЛАВЕЦ,

Віялета МЯДЗЕЛЬСКАЯ.

Вучаніцы ДУА “Камароўская СШ”.