Верныя клятве Гіпакрата

1064

НАПЯРЭДАДНІ прафесійнага свята завітала ў цэнтральную раённую бальніцу, каб добрым словам згадаць людзей у белых халатах, якія надзейна стаяць на варце здароўя жыхароў Мядзельшчыны.

— У медыцыне могуць працаваць толькі людзі шырокай душы, са шчырымі сэрцамі, для якіх дапамагаць іншым — прызванне, — упэўнена сцвярджае галоўны ўрач Марына Субач. — Таму хочацца ўспомніць усіх, хто заслугоўвае самых добрых слоў за прафесіяналізм, стараннасць, за ўважлівыя адносіны да пацыентаў. І пачаць хачу з нізавых структур — фельчарска-акушэрскіх пунктаў. ФАП для вёскі — нашмат больш, чым проста лячэбная ўстанова. Гэта — своеасаблівы гарант спакою і ўпэўненасці жыхароў сельскай мясцовасці, якія ведаюць, што медыцынская дапамога для іх у крокавай даступнасці.

Медыцынскую дапамогу насельніцтву раёна аказваюць 82 урачы, 234 медыцынскія работнікі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 60 урачоў, 194 медыцынскія работнікі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Летась на працу прыбылі 14 маладых спецыялістаў: 5 урачоў і 9 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

Па словах кіраўніка ўстановы аховы здароўя раёна, менавіта работнікі ФАПаў аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам з глыбінкі пры першых сімптомах захворванняў, ажыццяўляюць падворныя абходы, назіраюць за малымі дзецьмі, пажылымі, інвалідамі, адказваюць за дыспансерызацыю насельніцтва. Загадчыца Старагабскага ФАПа Наталля Будзько заўсёды там, дзе патрэбны яе веды, вопыт, ласкавыя рукі. Нездарма многія паважліва называюць Наталлю Барысаўну “наша дакторка” і спяшаюцца да яе хаты, як на астравок надзеі — на выратаванне, дапамогу.
Наступнае звяно ў сістэме аховы здароўя — амбулаторыі і ўчастковыя бальніцы, дзе па тэрытарыяльна-ўчастковым прынцыпе абслугоўваюцца жыхары сельскай мясцовасці. Акрамя дыягностыкі і лячэння хвароб, у іх кампетэнцыі прафілактычная і санітарна-гігіенічная работа з насельніцтвам. Марына Канстанцінаўна кажа, што шмат добрых водгукаў паступае ад людзей у адрас калектыву Слабадской амбулаторыі, якую ўзначальвае ўрач агульнай практыкі Ірэна Вайтулянец. Ірэна Казіміраўна з першых дзён працы зарэкамендавала сябе кампетэнтным спецыялістам і шчырым чалавекам, да парад якога прыслухоўваюцца пацыенты. Выдатна праявіла сябе ўрач і падчас пандэміі, калі прыцягвалася да работы ў “чырвонай зоне” паліклінікі Мядзельскай ЦРБ.
— Напішыце, калі ласка, што пры цэнтральнай раённай бальніцы функцыянуе рухомы медыцынскі комплекс, — у размову ўключаецца намеснік галоўнага ўрача Вольга Кавешнікава. — Ён проста незаменны падчас правядзення дыспансерызацыі насельніцтва, бо там і прафілактычныя агляды праводзяцца, і лабараторныя аналізы робяцца, ЭКГ. Важную ролю сыграў комплекс і ў перыяд масавай вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі. Ды і медыкаменты там нядрэнна рэалізоўваюцца.
Спынілася Вольга Уладзіміраўна і на рабоце паліклінікі, дзе аказваецца амбулаторная дапамога пацыентам, якія звярнуліся на прыём ці выклікалі ўрача дадому.

Верныя клятве Гіпакрата
З дакументацыяй працуе ўрач агульнай практыкі Яўген Рамяніца

— У паліклініку прыходзяць людзі для аказання ім першай і неадкладнай медыцынскай дапамогі пры хваробах, траўмах, атручваннях, для праходжання планавай дыспансерызацыі, — кажа намеснік галоўнага ўрача. — А калі знаходжанне іх у дамашніх умовах уяўляе пагрозу для жыцця ці патрэбна кругласутачнае назіранне, складаныя дыягнастычныя даследаванні — шпіталізуюцца і ў абавязковым
парадку праходзяць праз прыёмны пакой, дзе без ветлівасці, уважлівасці — аніяк! Там хворы атрымлівае першае ўяўленне як аб установе аховы здароўя, так і пра людзей, што працуюць у бальніцы.
— Лепшыя якасці медперсаналу, мяркую, выявіліся падчас каранавіруснай інфекцыі?
— Пандэмія стала для ўсіх медыкаў экзаменам на прафесіяналізм, чалавечнасць. І мы яго вытрымалі годна. Урачы, медсёстры, санітаркі рызыкавалі здароўем, жыццём — як уласным, так і сваіх родных, блізкіх. І тым не менш рабілі ўсё, каб выратаваць людзей, дапамагчы ім хутчэй пераадолець захворванне. Асобных вярталі амаль што з таго свету. Многія працавалі ў “чырвонай зоне”, у кантактных групах, паказваючы прыклад міласэрнасці, вернасці клятве Гіпакрата, — апавядае Вольга Кавешнікава. — З добрага боку праявілі сябе ўрачы агульнай практыкі Таццяна Скармаховіч, Яўген Рамяніца, Яўген Сіманайц, Таццяна Абалевіч, урач-псіхіятр-нарколаг Вераніка Врублеўская, урач-тэрапеўт (загадчыца) тэрапеўтычнага аддзялення Станіслава Гедрэвіч, памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Валерыя Таяновіч і Алена Варабей, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг (загадчык) Аляксандр Астрэлін, медыцынская сястра прыёмнага аддзялення Алеся Стральцова, медыцынская сястра працэдурнага кабінета паліклінікі Кацярына Зайцава, рэнтгенлабарант рэнтгенаўскага кабінета Марына Дубнікава, санітарка цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення Людміла Таразевіч і многія іншыя.

Верныя клятве Гіпакрата
Сэрцабіццё плода кантралюе ўрач-акушэр-гінеколаг Эліна Сямёнава

Вельмі многія заслугоўваюць, каб іх успомнілі. Як урачы, так і медыцынскія сёстры, лабаранты, малодшы медыцынскі персанал. Карыстаюцца павагай у калектыве ўрач-эндакрынолаг Канстанцін Сабук, урач-акушэр-гінеколаг Эліна Сямёнава, урачы-хірургі Дзмітрый Балашка, Ілья Канопка (наш малады спецыяліст), участковы ўрач-педыятр Ірына Роўда, памочнік урача Слабадской амбулаторыі Ганна Буцневіч, медсястра-анастэзіст Ганна Хіхіч і многія іншыя. Пацыенты ўдзячны ім за прафесіяналізм і кампетэнтнасць, чуласць і неабыякавасць.

Верныя клятве Гіпакрата
Прыём вядзе ўрач-эндакрынолаг Канстанцін Сабук

— Напярэдадні свята хачу падзякаваць усім медыцынскім работнікам раёна за сумленную і старанную працу, — кажа галоўны ўрач Марына Субач. — Павіншаваць іх, а таксама ветэранаў галіны. Пажадаць моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, мірнага неба над галавой, усяго самага найлепшага.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Наталлі Лісіцкай.