Валанцёры з Рузы на Мядзельшчыне

65

Валанцёры з Рузы на МядзельшчынеУ НАРАЧАНСКІ край прыбылі госці з горада-пабраціма — Рузы. Гэта ўдзельнікі клуба валанцёраў “Рабі дабро” маладзёжнага цэнтра Рузскага муніцыпальнага раёна са сваім кіраўніком Арцёмам Тагачэевым. А ўзначальвае дэлегацыю галоўны спецыяліст па рабоце з моладдзю аддзела па фізічнай культуры, спорту, турызму і рабоце з моладдзю адміністрацыі Рузскага муніцыпальнага раёна Ала Пятроўна Фядотава.

— Якая мэта вашага візіту? — запытаў у яе.— Гэта абмен досведам па працы з моладдзю, новыя знаёмствы і, вядома, акцыя па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў рускіх салдат часоў Першай сусветнай вайны. У 2014 годзе будзе стагоддзе пачатку вайны. Даведаліся, што ў азёрным краі знаходзіцца шмат такіх пахаванняў, і ўдзячны мядзяльчанам за запрашэнне.

У панядзелак адбылася сустрэча валанцёраў са старшынёй райвыканкама І. І. Шацько. Ілья Іванавіч расказаў пра раён, асаблівую ўвагу звярнуў на цікавячыя гасцей падзеі Першай сусветнай вайны. І прапанаваў ідэі па далейшым супрацоўніцтве з тым, каб яно паміж мядзельскай і рузскай моладдзю мацнела і развівалася.

Прабудуць валанцёры на Мядзельшчыне да 30 жніўня. Усе гэтыя дні іх чакае насычаная праграма, з якой і пазнаёмілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Красоўская і в. а першага сакратара райкама ГА «БРСМ» Кацярына Роліч.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: дэлегацыя з Рузы разам з выконваючай абавязкі першага сакратара райкама ГА «БРСМ» Кацярынай Роліч і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галінай Красоўскай.

Фота аўтара.