Узнагарода за даследаванне радаводу

251

Вучаніца 10 класа Камароўскай сярэдняй школы Крысціна Драўніцкая ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені за перамогу ў конкурсе радаводаў «Мой род, мая сям’я». Праводзіўся ён у рамках рэспубліканскай акцыі навучэн­скай моладзі «Жы­ву ў Беларусі і тым ганаруся».

Крысціна ўжо нямала год удзель­нічае ў рабоце краязнаўчага гурт­ка «Валош­кі». Калі быў аб’яўлены конкурс, яна звярнулася за дапамогай да дзядулі — вядомага краязнаўцы Івана Пятровіча Драўніцкага. І пад яго кіраўніцт­вам напісала працу. Увогуле, радавод удалося ўстанавіць да шостага калена!

Даследчая праца заняла першае месца ў раёне. Потым з поспехам пе­ра­адолела абласны ўзровень і трапіла на рэспубліканскі этап.

І вось напрыканцы лістапада Крысціна разам з дзядулем ездзіла ў сталі­цу на абарону працы. Падрыхтавала прэзентацыю, выступіла. У выніку ёй уручылі Дыплом ІІІ ступені і шыкоўны фотаальбом «Нечаканая Беларусь».

Дні ў Мінску былі напоўнены не толькі пасяджэннямі. Для ўдзельнікаў мерапрыемства наладзілі экскурсіі па сталіцы, у Нацыянальную бібліятэку. Пабывалі яны на спектаклі тэатра імя Янкі Купалы.

Не трэба і гаварыць, што ўдзел у фінальнай частцы конкурсу прынёс Крысціне толькі прыемныя эмоцыі. Яна здолела пазнаёміцца з аднадумцамі, узбагацілася новымі ведамі.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.