Узнагароды прымала Ірына Ракецкая з Выгалавіч

493

Учора ветэран працы з Выгалавіч Княгінінскага сельсавета Ірына Ракецкая атрымала Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў — за шматгадовую і добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна і плённую дзейнасць у органах мясцовага самакіравання.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, уручаючы ўзнагароду, падзякаваў Ірыне Францаўне за актыўную жыццёвую пазіцыю. Алег Алегавіч адзначыў, што Ірына Ракецкая 40 год адпрацавала бібліятэкарам у мясцовай сельскай бібліятэцы. Неаднаразова выбіралася дэпутатам Княгінінскага сельскага Савета дэпутатаў, была і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Прымае пастаянна ўдзел у выбарчых кампаніях розных узроўняў. З 2002 года па сёння добрасумленна выконвае абавязкі старэйшыны вёскі Выгалавічы. Шмат увагі ўдзяляе вырашэнню праблемных пытанняў, якія хвалююць людзей.

Акрамя таго, атрымала Ірына Францаўна Дыплом пераможцы раённага конкурсу на лепшы ветэранскі падворак, які праводзіць раённы савет ветэранаў. Узнагароду ўручыў жыхарцы Выгалавіч старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Валасевіч. Падворак жанчыны сапраўды заслугоўвае ўвагі. Нездарма яму і прысуджана першае месца.

Прымала віншаванні ў гэты дзень актывістка і ад старшыні Княгінінскага сельскага выканаўчага камітэта Вольгі Галко.