Усё ў нашых руках

76

Першамай — адно з вясенніх святаў, якія маюць даўнюю гісторыю. Праўда, цяпер яно не адзначаецца так урачыста, як некалі ў савецкія часы. Найперш — гэта свята працы. Пра свае адносіны да адметнай p4260016даты календара і пра тое, як яе збіраюцца праводзіць, расказваюць мядзяльчане:

Бярнард Іосіфавіч МАРОЗ, брыгадзір брыгады па добраўпарадкаванні УП «Мядзельская ЖКГ»:

— Вясной абуджаецца ад зімовага сну прырода, усё навокал зелянее, квітнее. Таксама і наш родны горад з кожным годам мяняе сваё аблічча. Так хочацца, каб Мядзел заставаўся  адметным і прыгожым. А як дбайныя гаспадары напярэдадні святаў стараюцца паўсюдна навесці парадак, таксама і мы шмат увагі ўдзяляем гэтым пытанням. Чысцім тратуары, вуліцы, белім бардзюры, дрэвы… Днямі, напрыклад, у новым парку ля возера Мястра на месцы знесеных атракцыёнаў, мужчынскім складам нашай брыгады выкладзена з плітак дарожка. Пасаджаны там і дрэўцы. У бліжэйшых планах брыгады — працяг работ па азеляненні, разбіўцы клумб і высадцы кветак, навядзенне парадку на гарадскім пляжы. Усё гэта робіцца не толькі для прыгажосці. Але і для таго, каб гараджане адчувалі сябе ўтульна, маглі адпачываць на прыродзе. Так што, як бачна, усё ў нашых руках.

p4260018Алена Дзмітрыеўна ЯРУЦІЧ,

прадавец універсама «Галінка бэзу» ПУП «Крывіцкае РГП»:

— Мы, работнікі прылаўка, як і на іншыя святочныя даты, таксама і на 1 Мая, працуем у звычайным рэжыме і будзем рады ўбачыць у нашым магазіне жыхароў і гасцей горада. А таму сардэчна запрашаем усіх за пакупкамі. Універсам пераведзены на самаабслугоўванне кліентаў. Ёсць у наяўнасці поўны асартыментны пералік тавараў, якія выкладзены на сучасных стэлажах, што вельмі зручна для наведвальнікаў. Ды і мы, прадаўцы, у любы час адкажам на ваша пытанне, параім, якія прадукты харчавання лепш купіць да святочнага стала. У магазіне пасля рамонту прыгожа, светла і ўтульна. Так што працаваць у такіх умовах адно задавальненне.

p4260010Данііл Раманавіч КЛІМОВІЧ,

старшы інспектар па дазвольнай рабоце

аддзела прафілактыкі і аховы грамадскага парадку РАУС:

— Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў на майскія святы ў поўным складзе будуць задзейнічаны на службе. Прычым працаваць будзем ва ўзмоцненым рэжыме. У нашы абавязкі ўваходзіць ахова правапарадку ў месцах масавага прабывання грамадзян, кантроль за бяспекай дарожнага руху, будуць і рэйды па тэрыторыі раёна. Хочацца, вядома, каб майскія святы прайшлі ў ціхай і спакойнай абстаноўцы, не было выклікаў на сямейныя разборкі, скандалы, не ўзнікала непатрэбных праблем на вуліцах і дарогах. Каб святы ўвогуле далі людзям магчымасць добра і змястоўна адпачыць, набрацца сіл на новы працоўны тыдзень.

Падрыхтавалі

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ і Таццяна НЕСЦЯРЭНКА (фота).