Усе пытанні — актуальныя

116

Усе пытанні — актуальныяНапярэдадні адзінага дня інфармавання насельніцтва адбыўся традыцыйны навучальны семінар ідэалагічнага актыву. Адразу перад намеснікамі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў, устаноў, начальнікамі аддзелаў райвыканкама выступіла намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” Святлана Бароўка. А закранула прамоўца актуальныя пытанні павышэння якасці і даступнасці медыцынскіх паслуг. Яна, у прыватнасці, спынілася на выкананні нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя, на кадравым забеспячэнні, развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы і на асноўных паказчыках дзейнасці лячэбных і аптэчных устаноў раёна. Не абмінула ўвагай Святлана Міхайлаўна задачы, якія стаяць перад медыцынскім персаналам на бліжэйшы час, а таксама перспектывы развіцця галіны. Мяркую, выступленне намесніка галоўнага ўрача ЦРБ праліло святло на некаторыя актуальныя пытанні, якія датычаць будучыні медыцыны азёрнага краю.
Наконт магчымасцей ажыццяўлення ў нашай краіне фізічнымі асобамі дзейнасці без рэгістрацыі ў якасці суб’екта прадпрымальніцтва павяла размову з ўдзельнікамі семінара намеснік начальніка інспекцыі-начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Мядзельскім раёне Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Вілейскім раёне Аксана Сарока. Аксана Васільеўна не толькі раскрыла гэту цікавую для многіх тэму, але і падрабязна адказала на пытанні, якія ў ходзе абмеркавання ўзніклі ў прысутных.
“Аб стане вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна і мерах па яго прафілактыцы” — тэма выступлення начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольгі Габрусенак. Вольга Міхайлаўна, у прыватнасці, нагадала пра асноўныя прычыны траўмаў і гібелі людзей ад знешніх прычын — і, найперш, у выніку дарожна-транспартных здарэнняў, няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Раскрыла яна таксама паняцці “бытавы траўматызм”, “траўматызм па дарозе на працу і з працы” і гэтак далей.
Аб правядзенні на Міншчыне сацыяльнай кампаніі “Ніхто не забыты” праінфармаваў ідэолагаў Мядзельшчыны старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Юрый Мяркулаў. Як зазначыў Юрый Мікалаевіч, не павінна быць занядбалых, недагледжаных магіл франтавікоў. Такая задача і будзе вырашацца ў ходзе названай акцыі.
Падвяла вынікі нарады намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна засяродзіла ўвагу прысутных на актуальнасці пытанняў, вынесеных на абмеркаванне. Пажадала ўсім быць актыўнымі, бадзёрымі, здаровымі, цаніць сваё жыццё. Ішла размова і наконт свята возера “Краса майго краю”, якое традыцыйна праводзіцца ў апошнюю суботу ліпеня.
Прыемным момантам нарады стала цырымонія ўручэння галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціне Зуеўскай Падзякі старшыні Мінскага аблвыканкама — за добрасумленную працу, прафесіяналізм, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці вобласці. Гэту прыемную місію выканала намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Уручаючы высокую ўзнагароду, Іна Іванаўна нагадала пра важкі ўклад Валянціны Станіславаўны ў арганізацыю ідэалагічнай работы на прадпрыемствах, у гаспадарках і ва ўстановах азёрнага краю. Валянціна Зуеўская, у сваю чаргу, зазначыла, што атрыманая ёю Падзяка старшыні аблвыканкама — вынік калектыўнай працы ідэолагаў Мядзельшчыны.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.