Установы адукацыі раёна гатовы прыняць вучняў

336

ЗАКАНЧВАЕЦЦА лета, а з ім і канікулы. Не паспеем азірнуцца, як пачнецца новы навучальны год. За парты зноў сядуць хлопчыкі і дзяўчынкі, каб прадоўжыць паход у Краіну ведаў. Як гатовы ўстановы адукацыі прыняць вучняў? Пра гэта — прапанаваная ніжэй гутарка з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццянай ЕФІМАВАЙ:
— Пачну з таго, што ўсе ўстановы адукацыі атрымалі пашпарты і сертыфікаты гатоўнасці да новага навучальнага года. Зроблена на самай справе нямала, каб годна прыняць вучняў.
— Таццяна Генадзьеўна, раскажыце, калі ласка, пра аб’ёмы фінансавання рамонтных работ.
— На 2020/2021 навучальны год вызначаны наступныя аб’ёмы фінансавання: на капітальны рамонт 3 мільёны 711 тысяч рублёў (з іх на замену даху ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці ў курортным пасёлку Нарач 211 тысяч рублёў, на будаўніцтва новай сярэдняй школы ў аграгарадку Занарач — 3 мільёны 500 тысяч рублёў), а таксама на бягучы рамонт — 96 тысяч 150 рублёў (з іх 92 тысячы рублёў на школы, астатняя сума — на дашкольныя ўстановы адукацыі). Фінансавыя сродкі накіроўваліся на правядзенне работ па ўхіленні парушэнняў, якія былі выяўлены Камітэтам дзяржаўнага кантролю ў рамках маніторынгу.
— Значыць, у сістэме адукацыі азёрнага краю былі вызначаны два аб’екты для правядзення капітальнага рамонту і будаўніцтва. Скажыце, калі ласка, на якой стадыі там выкананне работ?
— Работы па ўзвядзенні Занарацкай сярэдняй школы вядуцца поўным ходам. Плануецца іх завяршыць напрыканцы кастрычніка. А дах у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці ў курортным пасёлку Нарач ужо адрамантаваны.
— Якія сродкі выкарыстоўваліся для падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года?
— У асноўным бюджэтныя, а таксама пазабюджэтныя, спонсарскія і шэфствуючых арганізацый.

На Мядзельшчыне функцыянуе 25 устаноў адукацыі. З іх 15 — агульнай сярэдняй і 7 — дашкольнай адукацыі; раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр; цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна; цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна.
Сёлета сядуць за парты 2462 вучні. 856 дзяцей з’яўляюцца выхаванцамі ўстаноў дашкольнай адукацыі.  Працуе ў сферы адукацыі Мядзельшчыны 1048 чалавек, з іх 514 — педагогі.

Поўнасцю інтэрв’ю чытайце у нумары «Нарачанскай зары» за 26.08.