Уліковыя даныя ўдакладняюцца: працягваюцца планавыя мерапрыемствы па зверцы даных ваеннаабавязаных

204

У ВЫКАНАННЕ даручэння Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь мерапрыемствы па ўдакладненні ўліковых даных ваеннаабавязаных праводзяцца пераважна шляхам выкліку для асабістых зносін.

Як паведаміў ваенны камісар раёна Віталій Якушаў, у Беларусі дзейнічае дзяржаўная сістэма ўліку ваеннаабавязаных грамадзян, якія стаяць на воінскім уліку.

— Падтрыманне інфармацыі пра ваеннаабавязаных у актуальным стане — нармальны працэс, — лічыць Віталій Алегавіч. — Жыццё не стаіць на месцы. З часам у кожнага чалавека могуць адбыцца змены. Хтосьці пераехаў на новае месца жыхарства ці ўладкаваўся на іншую працу. Нехта памяняў сямейнае становішча, нумар дамашняга ці мабільнага тэлефона альбо… пашпарт. А можа ў кагосьці ўзніклі праблемы з асабістым здароўем. Для ўнясення карэктыў ва ўліковыя даныя ваеннаабавязаных і праводзіцца зверка.

— Яшчэ раз, калі ласка, нагадайце, як яна ажыццяўляецца?

— Апавяшчэнне ваеннаабавязаных грама­дзян для яўкі для зверкі ўліковых даных адбываецца пераважна шляхам уручэння павесткі, дазваляецца выклікаць і па тэлефоне. На базе ваеннага камісарыята для гэтай мэты створаны ўчастак апавяшчэння. Для ўручэння павестак прыцягнуты работнікі арганізацый. У горадзе грамадзяне прыбываюць у ваенны камісарыят, а ў сельскай мясцовас­ці — у сельскія выканаўчыя камітэты, дзе разгорнуты пункты апавяшчэння і збору, якія і забяспечваюць выкананне пастаўленых задач.

Уліковыя даныя ўдакладняюцца: працягваюцца планавыя мерапрыемствы па зверцы даных ваеннаабавязаных

У тым, што работа па зверцы ўліковых даных праводзіцца спакойна, без мітусні ўпэўнілася ў Нарацкім сельскім выканаўчым камітэце. Ля кабінета, дзе працуе старшы інспектар сельвыканкама Ірына Лап­цік, якой і даручана гэта адказная справа, не было чэргаў.

— Мы выклікаем грамадзян для зверкі ў вызначаны час, — паведаміла Ірына Аркадзьеўна. — Размова займае ад пяці да дзесяці хвілін, у залежнасці ад сітуацыі. Пасля ўдакладнення даных ваеннаабавязаныя накіроўваюцца ад нас па месцы жыхарства альбо працы. Хачу сказаць, што жыхары сельсавета з разуменнем адносяцца да гэтага важнага мерапрыемства. Хто не можа прыбыць у вызначаны час, прыходзіць загадзя альбо пасля таго, як вярнуўся, напрыклад, з рэйса.
У кабінет да Ірыны Аркадзьеўны па чарзе зайшлі два маладыя мужчыны — Валерый Малько і Артур Аксючыц. Валерый Анатольевіч патлумачыў, што
ён — капітан запасу. Зараз працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Калі вярнуўся з рэйса, убачыў павестку, дзе ўказана дата яўкі ў сельвыканкам. Але на той момант яго зноў тут не будзе: чакае дарога. Таму і прыйшоў сам загадзя.

— Як адносіцеся да таго, што вас выклікалі? — цікаўлюся.

— Нармальна, — чую ў адказ. — З часам ва ўсіх штосьці ў жыцці змяняецца, і гэта заканамерна. У мяне цяпер, напрыклад, іншае месца працы… Перакананы, што ў дакументах заўсёды павінен быць парадак. Таксама і ў воінскім уліку. Наогул, не бачу нічога дрэннага ў тым, што выклікалі для кароткай размовы. Пагутарылі, удакладнілі даныя — і разышліся.

Дарэчы, аналагічнага меркавання прытрымліваецца і Артур Аксючыц, які таксама ў той дзень выклікаўся павесткай у Нарацкі сельвыканкам для зверкі асабістых уліковых даных.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Фота забяспечана ваенным камісарыятам раёна.