У Мядзельскім музеі народнай славы ўшанавалі памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў

300

Сёння, 8 красавіка, напярэдадні  Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў,  у Мядзельскім музеі народнай славы прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да гэтай даты.  Прысутнічалі на ім школьнікі.

Названая дата ўстаноўлена  ў памяць пра інтэрнацыянальнае паўстанне ў канцлагеры Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года.

З болем слухаеш словы вядучых пра жудасці, якія ўчынялі фашысты над мірным насельніцтвам. Пра лагеры смерці, якіх толькі на Беларусі было створана больш за 260. Адзін з іх — Трасцянец, які знаходзіўся на трэцім месцы пасля Асвенцыма і Майданака па колькасці знішчаных.

У Мядзельскім музеі народнай  славы ўшанавалі памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў

Сваімі ўспамінамі перад прысутнымі падзялілася жыхарка Мядзела Лідзія Карзяёнак,  сям’я якой у верасні 1943 года была вывезена на катаржныя работы ў Германію. І сёння ў памяці жанчыны, як варожыя самалёты бамбілі родныя Брусы, як гарэлі хаты, з’явіліся першыя ахвяры, а іх саміх потым пагналі на чужыну…  Чамусьці не забываюцца тыя далёкія гады, а таксама дзяцінства, якое  ўкрала вайна.

Было што расказаць і ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Міхаілу Гардону, які ў гады вайны страціў 17 родных.  У тым ліку бацькоў, брата.

У Мядзельскім музеі народнай  славы ўшанавалі памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў

Пра зверствы фашыстаў, выяўленыя падчас расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гаварыў намеснік пракурора раёна Андрэй Гавета.  Дарэчы, шэраг следчых дзеянняў быў зроблены і на Мядзельшчыне.

У Мядзельскім музеі народнай  славы ўшанавалі памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў

Па меркаваннях выступоўцаў, вельмі важна ў Год гістарычнай памяці не забываць пра зверствы фашыстаў на нашай зямлі. Каб перадаць успаміны наступным пакаленням, зберагчы мір і не дапусціць новых войнаў і кровапраліццяў.

У Мядзельскім музеі народнай  славы ўшанавалі памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў

Марыя Лубнеўская.

Фота Наталлі Лісіцкай.