У Мядзеле мужчына знайшоў чужую банкаўскую картку і пайшоў па магазінах. На працягу сутак яго адшукалі

306

7 лютага ў міліцыю звярнуўся жыхар Мядзела 1972 года нараджэння. Ён пасля візіту ў магазін 6 лютага не змог знайсці сваю банкаўскую картку. Так як тэхнічныя магчымасці карткі прадугледжвалі правядзення аплаты без пін-кода — так званым бескантактным спосабам, мужчына звярнуўся ў службы падтрымкі банка, каб заблакіраваць рахунак. Што і было зроблена, пры гэтым мядзяльчаніну паведамілі, што па картцы правялі ўжо аперацыі па аплаце. Для далейшага разбіру мужчына звярнуўся ў аддзел унутраных спраў райвыканкама.

На працягу сутак супрацоўнікі РАУС устанавілі, што мясцовы жыхар 1983 года нараджэння прагульваўся па вуліцы 17 верасня ў Мядзеле і каля пад’езда аднаго з дамоў знайшоў картку. Сваіх грошай у яго не было, то ён вырашыў скарыстацца знойдзенай карткай. Напачатку зайшоў ў адзін з магазінаў і паспрабаваў купіць цыгарэт — аплата прайшла. Далей вырашыў завітаць у яшчэ адну краму — там набыў дзве бутэлькі віна, якія распіў у кампаніі са сваім таварышам. Калі спіртное закончылася, ён зноўку вырашыў скарыстацца знойдзенай карткай: у адным з магазінаў набыў 6 бутэлек віна і локшыну хуткага прыгатавання. Калі мужчына ў чарговы раз хацеў скарыстацца халявай, картка была ўжо заблакавана. У адносінах да мужчыны пачаты адміністрацыйны працэс за крадзеж грашовых сродкаў — усяго ён здзейсніў крадзеж на 51 рубель.

 

Правапарушальнік не працуе, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, раней тройчы знаходзіўся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі.

За здзяйсненне гэтага правапарушэння прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 11.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, санкцыя якога прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад двух да трыццаці базавых велічынь, ці грамадскія работы, ці адміністрацыйны арышт.

Пра ўсё гэта расказаў першы намеснік начальніка аддзела унутраных спраў райвыканкама — начальнік крымінальнай міліцыі Дзмітрый Антановіч.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com