Напачатку года супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС толькі паспяваюць прымаць віншаванні. І ёсць за што: яна па выніках мінулага года прызнана лепшай у вобласці, да таго ж старшы інспектар Дзмітрый Будзько стаў лепшым супрацоўнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі на Міншчыне. І гэта яшчэ не ўсё: у мінулую суботу на злёце перадавікоў галін народнай гаспадаркі Мядзельшчыны Дзмітрый Іванавіч прымаў узнагароду як лепшы работнік праваахоўных органаў раёна. Чым не нагода, каб пагутарыць з ім:
— Пачнём з таго, што пазнаёмімся з задачамі інспекцыі…
— Крымінальна-выканаўчая інспекцыя займаецца выканнем прыгавораў суда, якія ўступілі ў законную сілу, у выглядзе папраўчых і грамадскіх работ, абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Ажыццяўляем прафілактычную работу з умоўна-асуджанымі асобамі, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам і ў якіх не знята і не пагашана судзімасць.
— Як вы лічыце, за кошт чаго ўдалося дасягнуць такога поспеху, як перамога ў абласным спаборніцтве?
— На мой погляд, дапамаглі ўдалы падбор кадраў у інспекцыі, узаемадзеянне з усімі службамі раёна па прафілактыцы і выкананні прыгавораў.
— А якія крытэрыі браліся пад увагу пры падвядзенні вынікаў?
— Асноўнымі паказчыкамі нашай дзейнасці з’яўляюцца занятасць працай асоб, якія адбываюць пакаранне, учыненне рэцыдыўных злачынстваў, устанаўленне прэвентыўных наглядаў па ініцыятыве РАУС, узбуджэнне крымінальных спраў за ўхіленне ад адбыцця пакарання. Таксама — накіраванне асоб, якія маюць судзімасць, у лячебна-працоўны прафілакторый і іншыя аспекты.
— Дзмітрый Іванавіч, разумею, што падапечны кантынгент у вас не з простых…
— Так. Рэдка трапляюцца тыя, хто ўчыніў злачынства ў першы і апошні раз. Большасць знаходзяцца на ўліку па два, тры, а то і па пяць разоў.
— Як удаецца знайсці з імі агульную мову?
— У асноўным за кошт вопыту работы. І проста да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход.
— Некалькі слоў пра калектыў…
— У штаце інспекцыі два чалавекі: апроч мяне, гэта інспектар Кірыл Шуванаў, які прыйшоў на працу летась. Я на пасадзе інспектара са жніўня 2002 года, старшым інспектарам працую з леташняга сакавіка.
Гутарыў
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: інспектар Кірыл Шуванаў і старшы інспектар Дзмітрый Будзько.
Фота аўтара.