У клубе доўгажыхарак — папаўненне. 100 год споўнілася Алімпіядзе Хацяновіч з Новых Габ

283

ШТО рабіць, каб жыць доўга? Інтэрнэт перапоўнены рэкамендацыямі: прытрымлівацца міжземнаморскай дыеты, дастаткова спаць, захоўваць фізічную актыўнасць, але не ператамляцца. І пазбягаць стрэсаў.

Толькі ці праўда ўсё гэта? 100 год спаўняецца сёння ўраджэнцы і жыхарцы Новых Габ Алімпіядзе Хацяновіч. А на яе долю, як расказала дачка Марыя, выпалі і нястача, і нямала бяссонных начэй, і цяжкая праца. Не кажучы ўжо пра стрэсы. Восенню 1943-га ворагі спалілі родную вёску. Старых пакінулі дома, а маладыя і дужыя падлягалі прымусоваму накіраванню на працу ў Германію. У разрад апошніх трапіў і Алімпіядзін муж Іван. Сама ж маладая жанчына магла б і застацца: яе ехаць не прымушалі, бо была цяжарная. Але вырашыла не разлучацца з мужам. Разам з аднавяскоўцамі апынулася ў калоне, якую пагналі ў Будслаў. Там іх зачынілі ў хляве, а назаўтра меркавалі чыгункай адправіць у Германію. Аднак Хацяновічам удалося пазбегнуць цяжкай бяспраўнай працы ў чужой краіне. Выручылі добрыя хромавыя боты, у якіх быў малады мужчына. Разуўся і аддаў іх вартавому, каб цішком выпусціў. Той так і зрабіў. Папярэдзіў толькі: “Зловяць — застрэляць”. Ноччу па халоднай вераснёўскай гразі праз балота і лес рушылі Іван і Алімпіяда ў сваю вёску. А прыйшоўшы, убачылі папялішча замест хат. Няма дзе жыць, чаго есці. Прытуліла іх у Навасёлках тагачаснага Старагабскага сельсавета сям’я Рагоўскіх — нават не радня, проста добрыя людзі. У іх хаце Алімпіяда нарадзіла дачушку Марыю (Вера з’явілася на свет ужо ў мірны час). У 1944-м Івана прызвалі ў Чырвоную Армію. На фронце быў паранены. Сям’я тады атрымала пахавальную. А праз дзевяць месяцаў прыйшоў ліст: жывы, лячуся ў шпіталі. З гэтым лістом і пахавальнай Іванаў бацька падаўся ў райваенкамат: чаму верыць, дзе праўда? Сказалі верыць лісту, а пахавальную забралі. А неўзабаве вярнуўся і сам Іван — на мыліцах. Хапіла ліха і ў першыя пасляваенныя гады. Будаваліся, шмат працавалі на ўласнай гаспадарцы, а пасля і ў калгасе. Іван быў брыгадзірам, улікоўцам, кладаўшчыком, а Алімпіяда была занята непасрэдна ў сельгасвытворчасці: крыху на ферме, а пераважна ў паляводстве. Па першым часе — за працадні.
…Даўно сталі дарослымі дочкі. Абедзве засталіся на малой радзіме: Марыя працавала даяркай, а Вера цялятніцай. Цяпер у Алімпіяды Іванаўны 5 унукаў, 13 праўнукаў і 7 прапраўнукаў. Здавалася б, жыві і радуйся. Ды 14 год таму пайшоў з жыцця муж. Але і без яго не адзін год жанчына трымала ладную гаспадарку. І яшчэ да нядаўняга часу жыла адна ў сваёй хаце. Толькі як стала падводзіць здароўе, перабралася да дачок: узімку жыве ў Марыі, а летам — у Веры.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.