У гонар Маці Божай Шкаплернай

66

У гонар Маці Божай ШкаплернайУ МЯДЗЕЛЕ адбылася адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай. 19 ліпеня а 17-й гадзіне ў парафіяльным касцёле Маці Божай Шкаплернай распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Акрамя вернікаў парафіі, ва ўрачыстасці прымалі ўдзел шматлікія госці, у там ліку і пешыя пілігрымы, якія прыбылі ў Мядзел з Нарачы. Радасць урачыстасці раздзяліў з вернікамі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У 18.00 група вернікаў рушыла ў працэсіі ў кірунку мядзельскай Кальварыі.

Ля першага крыжа распачалося традыцыйнае набажэнства Крыжовага шляху. Разважанні да асобных стацый зачытвалі вернікі мядзельскай парафіі. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што мядзельская Кальварыя працягвае жыць пасля доўгага часу заняпаду. Хаця і ў час атэізму вернікі тайком прыходзілі сюды і маліліся на гэтых сцежачках. Сёлета, як і ў мінулыя гады, людзі рознага ўзросту, ад дзетак да старэйшых, святары, законнікі і законніцы верна крочылі ляснымі і палявымі сцяжынкамі, яднаючыся з мукай Збаўцы.

На гары Трох Крыжоў, апошняй стацыі Кальварыі, распачалася Святая імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі пастыр узгадаў пра гісторыю і значэнне шкаплера, альтруізм Божай Маці, якая прыйшла з дапамогай да Альжбеты, а цяпер і нас ахінае святым шкаплерам – шатай сваёй апекі. Для нас гэта вялікі прыклад, каб спяшацца з дапамогай да бліжніх і адкрывацца на дары Духа Святога дзеля вернага і мужнага служэння Касцёлу. Падчас Эўхарыстыі група моладзі і дарослых праз паслугу іерарха атрымалі сакрамэнт канфірмацыі.

20 ліпеня ў 8 гадзін распачаліся Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Ружанец і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Апоўдні пачалася адпустовая Святая імша, якую цэлебраваў новапрэзбітэр ксёндз Павел Беразун. Гамілію прамовіў айцец Андрэй Авен з Нарачы. На заканчэнне Святой імшы новапрэзбітэр ўдзяліў прыміцыйнае благаслаўленне. Потым вернікі прайшлі ў працэсіі вакол касцёла і падзякавалі Найвышэйшаму за шматлікія вялікія Божыя справы праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.