У гонар 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі

453

НЯДАЎНА на Мядзельшчыне праводзілася пасяджэнне Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Праграма гэтага мерапрыемства прадугледжвала і наведванне Нарацкай СШ №2.

У гонар 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі
Дэлегацыю на чале са старшынёй Цэнтральнага камітэта Аляксандрам Бойкам сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская, дырэктар школы Генадзь Крыштафовіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі навучальнай установы Сяргей Баброўка і іншыя.
Вітаючы ўдзельнікаў пасяджэння, Іна Іванаўна расказала пра наш раён, пра ролю, якая адводзіцца прафсаюзным арганізацыям на прадпрыемствах і ва ўстановах.
— Зараз прафсаюзы, можна сказаць, крыху адышлі ад культурна-масавых папулісцкіх мерапрыемстваў, а ў сваёй рабоце вялікую ўвагу надаюць пытанням аховы працы, аховы здароўя і жыцця чалавека, — падкрэсліла прамоўца. — Адміністрацыя і прафсаюз — сапраўдныя сацыяльныя партнёры…
«Развіццё сацыяльнага партнёрства ва ўмовах сучаснай школы» — тэма выступлення дырэктара навучальнай установы Генадзя Крыштафовіча. Ён расказаў пра школу, якая была здадзена ў эксплуатацыю 1 верасня 2016 года і разлічана на 510 вучняў. Тут ёсць усё неабходнае для арганізацыі навучальнага працэсу, сучаснае абсталяванне: лінгафонныя кабінеты, кабінеты інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій, бібліятэка, актавая, спартыўная і трэнажорная залы. Ды хіба ўсё пералічыш! Школьны стадыён уяўляе сабой комплекс з 10 пляцовак — ад футбольнага і хакейнага поля да пляцоўкі, дзе школьнікі вывучаюць правілы дарожнага руху.
Гаворачы пра педагагічны калектыў,
Генадзь Віктаравіч зазначыў, што сярэдні ўзрост настаўнікаў — 45 гадоў. 93,7% педагогаў маюць вышэйшую адукацыю і толькі 6,3% — сярэднюю спецыяльную. 80,9% — жанчыны, 19,1% — мужчыны. У 72% педагогаў — першая ці вышэйшая кваліфікацыйныя катэгорыі. Усяго ў школе 103 работнікі, з іх 62 — педагогі.
— Адміністрацыя працуе ў цесным кантакце з прафсаюзным камітэтам. Усе пытанні вырашаюцца пасля абмеркавання і пры агульным пагадненні, — кажа дырэктар.
Спыніўся выступоўца на заработнай плаце, на пазабюджэтнай дзейнасці навучальнай установы, на дасягненнях калектыву.
— Мне з прафсаюзам прыемна працаваць. Сяргей Іванавіч з’яўляецца памочнікам, сапраўдным партнёрам. Агульнымі намаганнямі вырашаем многія пытанні і праблемы, — падкрэсліў Генадзь Віктаравіч.
Потым дырэктар правёў экскурсію па школе, пазнаёміў з адукацыйным асяроддзем, умовамі, створанымі для навучання дзяцей і працы работнікаў установы. Удзельнікі мерапрыемства наведалі выставы дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці педагогаў «У гэтай красе б’ецца сэрца маё», прымеркаваныя да года малой радзімы. Зазірнулі ў многія кабінеты. Гасцей уразіла сучаснае абсталяванне, прастора, каляровыя адценні пакояў. Школа знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Дзякуючы намаганням дырэкцыі тут рэгулярна ўкараняецца штосьці новае, сучаснае. Далёка не кожная ўстанова адукацыі можа сказаць, што мае кабінеты па ахове працы, па бяспецы жыццядзейнасці і многія іншыя. Дарэчы, гэта сумесныя праекты: першы — з райкамам галіновага прафсаюза, другі — з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях. Увазе прысутных быў прадэманстраваны таксама відэафільм «Нарач — наша любоў».
Потым гасцей запрасілі ў актавую залу, дзе яны мелі магчымасць паглядзець урывак са спектакля па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта». Адметна тое, што большасць роляў выконвалі члены прафкама школы.
На заканчэнне ўдзельнікі пасяджэння Прэзідыума Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на прышкольнай тэрыторыі заклалі алею ў гонар 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі.
Высокую ацэнку ўсяму ўбачанаму даў Аляксандр Бойка.

У гонар 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі

 

 

 

 

 

 

 

У гонар 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі

 

 

 

 

 

 

 

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.