У гаспадарках раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. Цяпер акцэнт — на кукурузу. Па стану на 10 верасня ў гаспадарках раёна была назапашана 4891 тона кукурузнага сіласу, з іх 1803 тоны — у ААТ «Свір-Агра». А ўсяго ў гэтым таварыстве на сілас і зялёны корм нарыхтавалі 2531 тону кукурузы, ураджайнасць склала 266 цэнтнераў з гектара.
— У гаспадарцы запланавана сёлета закласці для патрэб жывёлагадоўлі 7800 тон такой вось, вельмі спажыўнай, масы, — расказвае дырэктар таварыства Г. Б. Юхно. — Работа зараз ідзе поўным ходам. Восенню надвор’е няўстойлівае, таму стараемся максімальна эфектыўна выкарыстоўваць пагодлівыя дні. Завяршылі траншэю на ферме «Засвір», цяпер адпаведны аб’ём
работы выконваем на ферме «Свір». На ўборцы каралевы палёў шчыруе вопытны механізатар Іван Грумбянін на новым комплексе «КВК-800». А яшчэ здробленую салому з валкоў убіраем і перамешваем з кукурузнай масай. Хапае тэхнікі на адвозцы, і працэс трамбоўкі арганізаваны належным чынам. Тым самым ствараем належны зімовы рацыён для грамадскага статка.
Сустрэўся на кукурузным палетку з І. І. Грумбяніным. Ён якраз адпачываў разам з хлопцамі-вадзіцелямі падчас невялікага абедзеннага перапынку.
— Як тэхніка, ці задаволены? — пытаюся ў механізатара.
— Пакуль да яе ніякіх прэтэнзій, уборка ідзе нармальна, — тлумачыць Іван Іванавіч. — Тэмп трымаю нармальны, учора вунь, напрыклад, 500 тон выдаў на гара. Спадзяюся, не падвядзе агрэгат і надалей. Дарэчы, да яго ёсць у камплекце і спецыяльны падборшчык, каб можна было траву з валкоў убіраць. Так што тэхніка для гаспадаркі вельмі патрэбная.
Хуценька развіталіся, каб не стрымліваць рабочы працэс. Вераснёўскі дзянёк кароткі і трэба спяшацца ўбрацца на восеньскім палетку як мага хутчэй.
Аляксандр БЫКАЎ.
На здымках: 1. Гаспадар новага комплексу І. І. Грумбянін;
2. Механізатар У. С. Бялевіч на «Амкадоры» заняты на трамбоўцы зялёнай масы, а вадзіцель «МАЗа» В. П. Грумбянін дастаўляе яе з поля да траншэі.
Фота Таццяны Несцярэнкі.