У Будслаўскім касцёле рыхтуюцца да аднаўлення  богаслужэнняў

212

З МОМАНТУ пажару, які надарыўся ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у маі гэтага года, выкананы вялікі аб’ём аднаўленчых работ. Бадай, самае галоўнае тое, што напярэдадні зімы над храмам з’явіўся часовы дах. Яго зрабілі з ацынкаванага прафнасцілу. Умацаваны і цэнтральны купал. Надзвычай важна і тое, што на сваё ранейшае месца пасля кансервацыі вярнуўся абраз Маці Божай Будслаўскай.

Гэтымі днямі супрацоўнікі ўнітарнага прадпрыемства “Будрэканструкцыя” завяршаюць абследаванне касцёла. Па інфармацыі настаяцеля храма ксяндза Дзмітрыя Дубовіка, мяркуецца, што на наступным тыдні яго завершаць, а па выніках прымуць рашэнне наконт магчымасці выкарыстання будынка па прызначэнні. Калі пасля абследавання святыні вердыкт будзе станоўчым, то ў касцёле ўжо ў лістападзе пачнуць праводзіць богаслужэнні. У той жа час варта разумець, што да поўнага аднаўлення санктуарыя патрабуецца яшчэ нямала часу і значных фінансавых затрат…

Павел ЖУКАЎ, фота аўтара.