У атмасферы ўзаемаразумення

133

У атмасферы ўзаемаразуменняПадчас прыезду ў г. п. Крывічы зайшла ў мясцовую ўчастковую бальніцу. Адразу сустрэлася з урачом-тэрапеўтам (загадчыкам) лячэбнай установы Ігарам Новікам. Пацікавілася будзённымі справамі, планамі на перспектыву. Задала кіраўніку і традыцыйнае пытанне: “Пра каго на гэты раз напісаць у раённую газету?”. Ігар Міхайлавіч адказаў: “У нас у Крывічах нядрэнныя медыкі падабраліся. Да вопытных работнікаў, якія складаюць касцяк калектыву, удала ўпісалася моладзь. Ветэраны і пачынаючыя працоўную дзейнасць спецыялісты цудоўна дапаўняюць адзін аднаго. Прыемна назіраць за іх зладжанай работай, неабыякавасцю. Параіў бы вам пагутарыць з маладымі кадрамі, каб даведацца, як ім у нас жывецца”.
Першы суразмоўца — Яўген Сіманайц. Ён з вёскі Варашылкі, што на Свіршчыне. Закончыў Камароўскую сярэднюю школу, затым — Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. З 2016 па 2017 год праходзіў у Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы інтэрнатуру. Пасля яе быў накіраваны ў жніўні мінулага года на самастойную работу ў Крывіцкую ўчастковую бальніцу. Займае Яўген пасаду ўрача агульнай практыкі.
— Лячу і дарослых, і дзяцей, — тлумачыць. — Да малых даводзіцца часам знаходзіць індывідуальны падыход. Яны не заўсёды могуць сказаць, што баліць, адсюль — і дыягназ складаней ім паставіць. Да таго ж, некаторыя з маленства чамусьці баяцца ўрача. І вельмі важна гэты стэрэатып памяняць, каб хлопчыкі і дзяўчынкі бачылі ў чалавеку ў белым халаце добрага доктара Айбаліта, які да іх заўсёды спяшаецца на дапамогу. Па крайняй меры, мне гэтага вельмі хочацца.
— Ці падабаецца вам работа? — цікаўлюся ў Яўгена.
— Так. Медыкам хацеў быць са школьных гадоў. Задаволены, што мара ажыццявілася. Падчас вучобы ў медуніверсітэце два гады працаваў на хуткай дапамозе, дзе вопыту крыху набраўся. Ды і падчас інтэрнатуры пэўныя практычныя навыкі атрымаў. І зараз 2-3 разы ў месяц езджу туды на дзяжурствы. Калі што, то можна і да Ігара Міхайлавіча звярнуцца. Ён ніколі не адмовіць, любое незразумелае пытанне растлумачыць. Работы шмат, але гэта і падабаецца.
— Як сустрэлі ў калектыве?
— Добра. Калектыў невялікі. Усе на вачах. У нас поўнае ўзаемаразуменне і ўзаемавыручка. Кожны гатовы ў любы час дапамагчы адзін аднаму. Вядома, было б цяжка, каб не адчуваў падтрымкі. А так усім задаволены.
Памочнік урача Канстанцін Будзько — таксама малады спецыяліст. Ён тут другі год. Прыйшоў на работу пасля заканчэння Маладзечанскага медыцынскага каледжа. Урач цёпла расказвае пра свайго дапамагатага:
— З Канстанцінам працуем зладжана. Разам вядзём прыём хворых. Практычна з паўслова разумеем адзін аднаго. А гэта ў рабоце вельмі важна. Калі ж вялікая чарга, асабліва падчас усплёску вострых рэспіраторных інфекцый, прастудных захворванняў, Косця вядзе прыём пацыентаў і самастойна. Ён — талковы, граматны медработнік. Я ў ім упэўнены, як у сабе. Да абеду звычайна прымаем у паліклініцы, а ў другой палове дня ездзім на выклікі надомна.
Участковай медыцынскай сястрой працуе Дар’я Яцына. Яна ў Крывічах з 2011 года. Закончыла Мінскі медыцынскі каледж. У яе абавязкі ўваходзяць падворныя абыходы, водпуск працэдур для тых, хто лечыцца на надомным стацыянары, патранаж.
— Мне вельмі падабаецца мець зносіны з людзьмі, дапамагаць ім, — кажа Дар’я. — Калі вучылася ў школе, хацела быць псіхолагам. Але сяброўка сагітавала разам паступаць у медыцынскі каледж. Так і стала медыкам. Зараз пра гэта ніколькі не шкадую. Пераканана, што маё прызванне — медыцына. Напэўна, сам лёс наканаваў пайсці такой дарогай.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: крывіцкія медыкі — урач агульнай практыкі Яўген Сіманайц, участковая медсястра Дар’я Яцына і памочнік урача Канстанцін Будзько.
Фота Аляксандра Высоцкага.