“Цвярозы вадзіцель”

119

“Цвярозы вадзіцель”П’ЯНСТВА за рулём, нягледзячы на пастаянную барацьбу з ім, усё яшчэ застаецца нявырашанай праблемай. Алкаголь — адна з найбольш частых прычын дарожна-транспартных здарэнняў. Хворы ці стомлены вадзіцель аб’ектыўна ацэньвае свой стан і стараецца не рызыкаваць — праяўляе ўважлівасць і асцярожнасць, не перавышае хуткасць і не выконвае складаныя манеўры, тармозіць, убачыўшы перашкоду ці небяспеку. Нецвярозы — небяспечны: у яго прачынаецца жаданне паказаць прафесіяналізм і з’яўляецца жаданне паліхачыць. Алкаголь затарможвае цэнтры кары галаўнога мозгу, якія кантралююць дзеянні і паводзіны чалавека. Чым больш вадзіцель выпіў — тым павольней ён рэагуе.

За 5 месяцаў у вобласці затрымана 1599 нецвярозых вадзіцеляў. З іх 87 паўторна — у адносінах да такіх аўтааматараў узбуджаны крымінальныя справы. Таксама выяўлена 3680 вадзіцеляў, якія не мелі права кіравання аўтамабілямі
У вобласці па 18 чэрвеня праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджванне ДТЗ па віне асоб, якія кіруюць транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама не маюць правоў на кіраванне.
Нагадваю, што за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ці перадачу права кіравання нецвярозаму, а таксама адмову ад праходжання агляду вадзіцель пазбаўляецца права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на 3 гады. Таксама ён атрымлівае штраф ад 1225 да 2450 рублёў (ад 50 да 100 базавых велічынь). За паўторнае кіраванне на працягу года ў нецвярозым выглядзе ў адносінах да аўтааматара ўзбуджаецца крымінальная справа, а яго транспартны сродак канфіскуецца (незалежна ад таго, каму ён належыць).
Так, 28 мая ўдзень у в. Вялікія Жаберычы Крупскага раёна жыхар Жодзіна, 1988 г. н., кіруючы аўтамабілем “Аудзі-80” у стане алкагольнага ап’янення (2,2 праміле), сутыкнуўся з гужавой павозкай, якой кіраваў мясцовы жыхар, 1959 г. н. У выніку аварыі возчык ад атрыманых траўм памёр на месцы здарэння, павозка моцна пашкоджана, а ў каня пераламаны ногі. Вадзіцель з месца ДТЗ уцёк. Праз 40 хвілін падчас аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў аўтамашына была знойдзена ў суседняй вёсцы ў пяці кіламетрах ад месца здарэння. Вадзіцель затрыманы. Па факце ДТЗ узбуджана крымінальная справа.
Разам з такімі прычынамі, як перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў абгону і нецвярозы стан вадзіцеляў, часта ДТЗ учыняюць асобы, якія не маюць вадзіцельскага пасведчання. Такім парушальнікам пагражае штраф у памеры ад 122,5 да 490 рублёў (ад 5 да 20 базавых велічынь). Пры паўторным парушэнні на працягу года сума штрафу павялічваецца — ад 490 да 1225 рублёў (ад 20 да 50 базавых велічынь) ці да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Так, увечары 9 мая ў в. Кулікі Чэрвеньскага раёна мінчанін, 1985 г. н., рухаючыся на аўтамабілі “Citroen C1”, на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем і наехаў на агароджу, а затым і на жылы дом. У выніку аварыі вадзіцель загінуў на месцы здарэння. Пасажыр, 1977 г. н., з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, страсеннем мозга і шматлікімі пераломамі шпіталізаваны. Як стала вядома, вадзіцель не меў права кіравання транспартным сродкам і вадзіцельскага пасведчання ніколі не атрымліваў.
Паважаныя грамадзяне! Калі бачыце ці ведаеце, што транспартным сродкам кіруе нецвярозы вадзіцель ці без права кіравання, тэлефануйце ў дзяжурную часць РАУС па нумары 102..
Я. КРЭСІК.
Начальнік аддзялення
дзяржаўтаінспекцыі РАУС, капітан міліцыі.