Ці аплачваюцца вымушаныя водпускі?

84

У нашай арганізацыі кіраўніцтва плануе адправіць мяне і яшчэ некалькі чалавек у вымушаны неаплачваемы водпуск. Такое зараз не навіна. Я чула, што, калі такі адпачынак прадастаўляе работніку наймальнік, ён павінен выплачваць яму 2/3 ад акладу. Ці праўда гэта? Марыя.

За адказам на ўз­нік­шае пытанне звярнуліся да адваката юрыдычнай кансультацыі раёна А. В. САВАСЦЯНА:

— У вашым выпадку наймальнік хутчэй усяго плануе скарыстацца артыкулам 191 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Паводле яго, пры неабходнасці часовага прыпынення  работ ці часовага змяншэння іх аб’ёму, а таксама пры адсутнасці іншай работы, на якую неабходна часова перавесці працуючага згодна з медыцынскім заключэннем, наймальнік мае права з дазволу работніка (работнікаў) прадаставіць яму (ім) водпуск (водпускі) без захавання альбо з частковым захаваннем заработнай платы, калі іншае не прадугле­джана калектыўным дагаворам, пагадненнем.

Аднак у любым выпадку для афармлення водпуску без захавання заработнай платы на падставе артыкула 191 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь неабходна згода работніка, выказаная ў пісьмовай форме.

Велічыня захоўваемай заработнай платы можа вызначацца па дамоўленасці паміж наймальнікам і работнікамі. Часам размер заработнай платы ў арганізацыі прадугледжваецца ў калектыўным дагаворы.

Адносна 2/3 ад акладу, выплачваемых работніку наймальнікам, магу патлумачыць, што ў частцы 1 артыкула 71 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлены гарантыі адносна размеру заработнай платы, на якую работнік мае права разлічваць пры наступленні наступных умоў: пры прастоі, невыкананні норм выпрацоўкі, браку, а таксама пры асваенні новых вытворчасцей (прадукцыі). У пералічаных выпадках заробак працаўніка не можа быць ніжэй 2/3 устаноўленай яму тарыфнай стаўкі (акладу).

Са сказанага вышэй можна зрабіць наступную выснову: дадзены від водпуску павінен прадастаўляцца толькі з вашай пісьмовай згоды. Аднак 2/3 ад акладу могуць быць выплачаны наймальнікам толькі тады, калі гэта прадугледжана калектыўным дагаворам ці пагадненнем, альбо пры наступленні ўмоў, пералічаных у частцы 1 артыкула 71 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама па дамоўленасці работнікаў з наймальнікам.

Падрыхтавала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Ад рэдакцыі: нагадваем, што і надалей свае пытанні можна накіраваць па пошце на адрас рэдакцыі газеты ці дасылаць на яе электронны адрас.