Ці вернуць грошы за няякасную тэхніку?

81

НАБЫЛА электрапрыбор дрэннай якасці. Ці магу вярнуць грошы за яго пасля заканчэння гарантыйнага тэрміну? Не карыстаюся ім ні дня.
Аксана.

Адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі раёна Андрэй САВАСЦЯН:
— Згодна з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” ад 9 студзеня 2002 года пакупнік, які набыў тавар дрэннай якасці, калі недахопы не былі агавораны прадаўцом, мае права па сваім выбары патрабаваць:
— замяніць няякасны тавар на якасны;
— зменшыць суразмерна цану тавару;
— неадкладна бясплатна ўхіліць недахопы;
— кампенсаваць расходы на ўстараненне недахопаў.
Замест прад’яўлення указаных патрабаванняў спажывец мае права скасаваць дагавор куплі-продажу і патрабаваць вяртання грошай. Можна аддаць такі тавар без спажывецкай упакоўкі.
Пры скасаванні дагавора і (або) вяртанні грошай спажыўцу вяртаецца ўнесеная за пакупку сума, а таксама ён атрымлівае розніцу паміж цаной тавару, устаноўленай дагаворам, і цаной на яго на момант задавальнення свайго патрабавання. А калі яго патрабаванне добраахвотна не задаволена, — на момант вынясення судом адпаведнага рашэння (п. 4 арт. 27 названага вышэй Закона).
Тэрміны, на працягу якіх спажывец мае права звярнуцца да прадаўца з прэтэнзіяй наконт няякаснага тавару, устаноўлены артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”. У адносінах да тавараў, гарантыйныя тэрміны ці тэрміны прыдатнасці на якія не ўстаноўлены альбо складаюць менш за два гады, спажывец мае права прад’явіць патрабаванні прадаўцу, калі недахопы выяўлены на працягу двух год з дня перадачы яму тавару.
Такім чынам, у выпадку рэалізацыі тавару дрэннай якасці, на які няма гарантыі альбо яна меншая за два гады, можаце на працягу двух гадоў звярнуцца да прадаўца з патрабаваннем скасаваць дагавор куплі-продажу і вярнуць грошы. І вам іх павінны вярнуць.
Падрыхтавала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.