Ці сустракаецеся з аднакласнікамі? Апытанне

326

ВЫРАСЛА колькасць хворых на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і каранавірус, таму вечары сустрэч выпускнікоў сёння праходзяць у анлайн-рэжыме. Прэзентацыі пра дасягненні апошніх год і юбілейныя выпускі можна ўбачыць на сайтах устаноў адукацыі і групах у сацсетках, туды ж запрашаюць для зносін з педагогамі і школьнымі сябрамі. А мы спыталі ў жыхароў Мядзельшчыны, ці бачацца яны з былымі аднакласнікамі.

Анатоль ЛЕАНОВІЧ, механізатар ААТ “Слабадская зара”:
Ці сустракаецеся з аднакласнікамі? Апытанне— Нават жыву з аднакласніцай! З будучай жонкай Наталляй разам вучыліся ў Старагабскай сярэдняй школе, у 10 класе крыху сядзелі за адной партай. А мая будучая цешча — Алімпія Антонаўна Цішко — была класным кіраўніком. З некаторымі аднакласнікамі сябруем дагэтуль. Напрыклад, Толя Лашук і Крысціна Крукоўская (цяпер — Гардынец) хрысцілі нашых дзяцей. Клас быў вялікі — 18 чалавек, дружны. У юбілейныя гады збіраліся ў першую суботу лютага ў школе — хай не ўсе, але многія. Толькі летась (40 год было, як атэстаты атрымалі) праз каранавірус не сабраліся. Але ж бачыцца можна не толькі ў школе. Тых, хто застаўся ў раёне, здараецца, у Мядзеле сустракаю. А на Радаўніцу прыязджаюць на могілкі і тыя, хто жыве далёка.

Ірына КАРАПЕЦЯН, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па надзвычайных сітуацыях:
Ці сустракаецеся з аднакласнікамі? Апытанне— Дзягільскай базавай школы, дзе вучылася дзевяць год, ужо няма — адпаведна і вечароў сустрэч у нас не бывае. З аднакласнікамі бачымся, калі прыязджаем да бацькоў у вёску. Часцей гэта выпадковыя сустрэчы, але мы заўсёды рады адно аднаму. 10 і 11 класы заканчвала ў Мядзельскай сярэдняй школе №1. З новымі аднакласнікамі за два гады не паспела пасябраваць так, як з дзягільцамі. Але ў юбілейныя гады з задавальненнем прыходжу ў школу ў першую суботу лютага. Ну і, здараецца, выпадкова сустракаю аднакласнікаў (часцей тых, хто жыве ў Мядзеле). А Руслан Рабчэўскі з паралельнага класа нават працуе са мной разам.

Аляксандр БЛІЗНЮК, настаўнік інфарматыкі НДЦ “Зубраня”:
Ці сустракаецеся з аднакласнікамі? Апытанне— На круглыя даты бачымся на вечарах сустрэч выпускнікоў у Сваткаўскай сярэдняй школе, якую закончылі ў 1994 годзе. Прыходзяць, вядома, не ўсе, але звычайна прыкладна дзве трэція класа збіраецца. А вось паміж круглымі датамі перасякаемся рэдка: асабістыя сустрэчы апошнім часам — хутчэй супадзенне магчымасцей і графікаў работы. Але перазвоньваемся, перапісваемся ў сацсетках. І не толькі з аднакласнікамі, а і з на год старэйшымі.

 

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара і забяспечана ўдзельнікам апытання.