…Тады і маразы не страшныя

84

…Тады і маразы не страшныяПЫТАННІ, вынесеныя на парадак дня чарговага пасяджэння райвыканкама, якое адбылося напрыканцы верасня, адпавядалі надзённасці. Асабліва другое з іх — аб ходзе выканання рашэння райвыканкама ад 23 жніўня гэтага года “Аб гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу Мядзельскага раёна да асенне-зімовага ацяпляльнага перыяду 2013-2014 года”. Ды і першае з разраду актуальных — аб рабоце арганізацый, якія займаюцца абслугоўваннем дарожнай сеткі Мя¬дзельшчыны. Яе стан у многім вызначае твар рэгіёну, фарміруе ў гасцей, турыстаў і адпачываючых меркаванне пра наш азёрны край. Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу прысутных старшыня райвыканкама Ілья Шацько. А з дакладам выступіў яго намеснік Аляксандр Чарняўскі. Як адзначыў Аляксандр Мікалаевіч, абслугоўваннем аўтамабільных дарог на тэрыторыі раёна займаюцца тры арганізацыі. Рэспубліканскія, а іх працягласць 206,3 кіламетра, знаходзяцца на балансе філіяла “ДЭУ-66” “Мінскаўтадар-Цэнтра”. За першыя тры кварталы калектыў з 87 чалавек выканаў работ на 17 мільярдаў 627 мільёнаў рублёў. Гэта ў асноўным бягучы рамонт і рэканструкцыя асфальтавых аўтадарог, іх утрыманне. Рэнтабельнасць па філіяле склала 2,7 працэнта, прыбытак — 257 мільёнаў рублёў.

Значна большая працягласць дарог, якія знаходзяцца на балансе філіяла “ДРБУ № 133” “Мінскаблдарбуда”, — 722 кіламетры. З іх 287,8 кіламетра з асфальтабетонным пакрыццём, 324,4 — з гравійным і 101,4 — грунтовых. Тут працуюць 98 чалавек, аб’ём выкананых работ склаў 15,1 мільярда рублёў. Арганізацыя мае тры лінейныя дарожныя дыстанцыі з вытворчымі базамі і рамонтнымі майстэрнямі, асфальтабетонны завод “Княгінін” і кар’ер пясчана-гравійнай сумесі “Кіржына”. Гэты калектыў таксама спрацаваў з прыбыткам — 571 мільён рублёў за дзевяць месяцаў бягучага года. Імкнецца падтрымліваць у належным стане сваю сетку аўтамабільных дарог — звыш 135 кіламетраў — і Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка.

Выказваліся ў адрас дарожных арганізацый і крытычныя заўвагі. Яны тычыліся прамаруджвання з рамонтнай прафіліроўкай гравійных і грунтовых дарог, несвоечасовай высечкі дрэў, якія зніжаюць для кіроўцаў транспартных сродкаў бачнасць на трасах. І, вядомая справа, утрымання ў чысціні не толькі дарог, але і абочын. У прынятым рашэнні райвыканкама ад кіраўнікоў філіялаў “ДЭУ-66”, “ДРБУ № 133”, Мядзельскай ЖКГ патрабавана забяспечыць больш якаснае выкананне праводзімых дарожна-будаўнічых работ. І рабіць гэта за кошт абнаўлення парку тэхнікі, прымянення сучасных матэрыялаў і тэхналогій, рацыянальнай арганізацыі вытворчага працэсу. Прытым, прымаць праектныя рашэнні з улікам эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, павелічэння тэрмінаў службы дарожных збудаванняў.

Трэба адзначыць, што і па падрыхтоўцы да чарговага ацяпляльнага сезона ў раёне праведзена вялікая работа. Гэтаму паспрыяла стварэнне райвыканкамам аператыўнай групы па каардынацыі комплексу неабходных работ на месцах, аказання практычнай дапамогі. Для ўстойлівага і надзейнага цепла- і водазабеспячэння аб’ектаў народнай гаспадаркі і насельніцтва ў ЖКГ яшчэ вясною распрацавалі комплекс арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. Як прагучала ў інфармацыі па гэтым пытанні начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргея Ярчака, перад ацяпляльным перыядам праведзены прафілактычны рамонт абсталявання кацельных, выпрабаваны цепласеткі, нарыхтавана паліва, прыведзены ў парадак два дзясяткі воданапорных вежаў. Камунальнікі справіліся з заданнем па рамонце дахаў у жылым сектары. Завершаны работы па цеплавой рэабілітацыі трох дамоў па вуліцы Камсамольскай, дома №4 па вуліцы Шаранговіча ў Мядзеле. Ды і ў цэлым гатоўнасць азёрнага краю да зімы можна лічыць здавальняючай. Аб тым, што халады не засталі камунальную службу знянацку, яскрава сведчыць і той факт, што сёння цяплом забяспечаны дзіцячыя садкі і школы, жылы сектар, на чарзе да падключэння — адміністрацыйныя будынкі.

Аднак кепска тое, што некаторыя суб’екты гаспадарання маюць сур’ёзную пратэрмінаваную запазычанасць перад ЖКГ за аказаныя паслугі. У іх ліку ААТ “Мядзелаграсэрвіс” — 153,2 мільёна рублёў, РБУ — 77,2 і філіял “ДРБУ-133” — 36,1 мільёна рублёў. Не вызначаецца дысцыплінаванасцю ў разліках з камунальнікамі і частка насельніцтва. Яе пратэрмінаваны доўг — 34,4 мільёна рублёў. Да неплацельшчыкаў прымаюцца меры ўздзеяння: праводзяцца растлумачальныя гутаркі. Калі не дапамагае, у іх кватэрах адключаюць электраэнергію, складаюць акты абследавання маёмасці для наступнай перадачы матэрыялаў у суд. І гэта не проста словы. Толькі сёлета такіх матэрыялаў на злосных неплацельшчыкаў у суд накіравана дзевяць…

Падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона і аб’екты сацыяльнага, культурна-бытавога прызначэння. Мядзельскі філіял дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва” спаўна забяспечыў брыкетам і дрывамі льготную катэгорыю грамадзян. Скаргаў і папрокаў на яго работу з боку насельніцтва ні ў райвыканкам, ні ў вышэйстаячыя арганізацыі не паступала. А гэта таксама аб многім сведчыць.

Канечне, было б няправільна сцвярджаць, што ўсё ў нас без сучка і задзірынкі. Дзесьці яшчэ неабходна падрамантаваць пад’езд у шматкватэрным доме альбо ўцяпліць падвал, хапае спраў і на фермах, у майстэрнях гаспадарак. Таму ў прынятым рашэнні ад кіруючых кадраў і патрабавана хуценька закругліцца з падрыхтоўкай аб’ектаў народнай гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд, забяспечыць іх эфектыўную эксплуатацыю, эканомнае выкарыстанне паліва-энергетычных рэсурсаў. І калі аператыўна, у поўным аб’ёме завершым гэту важную справу, то ніякія маразы зімою нам не будуць страшнымі.

Павел ЖУКАЎ.