Сеяць кукурузу

114

Сеяць кукурузуЛАДЗЯЦЦА справы ў хлебаробаў ААТ «Сваткі». Завершана сяўба яравых збожжавых культур, падкормлены азімыя, падсеяны шматгадовыя травы. Гэта — вынік напружанай працы вяскоўцаў, якія за сваё старанне і адказнасць заслугоўваюць самых шчырых слоў падзякі.
Галоўнага агранома таварыства Тамару Мінчук мы сустрэлі на тэрыторыі машыннага двара.
— Яравыя культуры пасеялі ў сціслыя тэрміны і з належнай якасцю. Скажу шчыра, у нас дружны, згуртаваны калектыў механізатараў. Ніхто не лайдачыць. Людзі з адказнасцю адносяцца да даручанай справы, — расказвае Тамара Уладзіміраўна. — Сёння думалі закончыць сяўбу яравога рапсу, ды прайшоўшы ноччу дождж крыху парушыў нашы планы. Але клопатаў хлебаробам хапае.
Зараз на парадку дня — сяўба кукурузы. У гаспадарцы пад яе сёлета адвялі 250 гектараў.
— Каму даручылі гэту адказную справу? — пытаюся.
— Вопытнаму механізатару Віктару Сівіцкаму. Старанны, адказны хлебароб, — чую ў адказ. — Менавіта яму з году ў год даручаем гаспадарыць на кукурузным палетку. Ведаем, Віктар Уладзіміравіч не падвядзе, работу выканае якасна і ў вызначаны тэрмін.
Вырашылі пагутарыць з сейбітам, які ў мехмайстэрні завіхаўся ля сеялкі.
— Трэба крыху падладзіць сеялку. Тым часам і поле падсохне пасля дажджу. А сеем мы кукурузу непадалёку ад вёскі Пількаўшчына, — расказвае Віктар Уладзіміравіч.
— Сеялка, напэўна, новая?
— Не, больш за дзесяць гадоў эксплуатую, — чую ў адказ.
— Не скажаш, што столькі ёй гадоў. Выгляд — як у новай, — здзіўляюся.
— Шаную, сачу, каб усё было ў парадку, — усміхнуўшыся, гаворыць механізатар.
— Мы пасеялі 30 гектараў кукурузы, — працягвае размову аграном. — Перш, чым зерне ляжа ў глебу, запраўляем яе арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. На падрыхтоўцы палетка з дыскатарамі працуюць Сяргей Звяруга і Сяргей Герасімовіч. А вось з агрэгатам «АКШ» завіхаецца Уладзімір Швайкоўскі.
— Вы цэлы дзень у полі. А як харчуецеся? — пытаюся ў Віктара Сівіцкага.
— Гарачыя абеды нам прывозяць на поле, — чую ў адказ. — Гэта пытанне ў нас вырашаецца з году ў год добра. Дзякуй кіраўніцтву таварыства за клопат пра нас.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.