Сянаж — у плёнку

148

Сянаж — у плёнкуУ ГАСПАДАРКАХ раёна зараз гарачыя дзянькі. Нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка патрабуе вялікіх намаганняў ад вяскоўцаў. Але ў першую чаргу словы ўдзячнасці за самаадданую шчырую працу чуюцца ў адрас механізатараў. Гэта яны знаходзяцца на пярэднім краі корманарыхтоўкі, гэта іх працоўны дзень пачынаецца ў сем гадзін раніцы і доўжыцца дацямна. Таму вельмі важна за лічбамі, тонамі і цэнтнерамі не забыцца пра чалавека працы, своечасова падзякаваць яму. Менавіта так і паступаюць у ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга».
Дырэктар таварыства Віктар Васілевіч па некалькі разоў на дзень наведваецца на сенажаць, гутарыць з людзьмі, аператыўна вырашае ўсе арганізацыйныя пытанні і абавязкова дзякуе механізатарам за іх старанне і руплівасць. Адчуваецца клопат дбайнага гаспадара. А кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Лотва» Марына Сіўчак наогул заўсёды там, дзе працуюць хлебаробы. Яна пільна сочыць за захаваннем працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, валодае абстаноўкай па корманарыхтоўцы.
Яна расказала, што травы першага ўкосу займаюць 750 гектараў.
— Запланавана нарыхтаваць для грамадскага статка 300 тон сена, 7500 — сенажу. 4500 тон зялёнай масы мяркуем выдаткаваць на падкормку жывёле, — гаворыць Марына Анатольеўна. — Для гэтага маем 935 гектараў шматгадовых траў, з іх — 271 гектар першага году карыстання, 389 — другога і 275 — трэцяга. Мы стараемся штогод падсяваць травы на плошчы больш чым па сотні гектараў. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць на добрую кармавую базу, а адпаведна на важкія надоі і прывагі.
Вось і сёлета пад азімыя падсеялі больш за 60 гектараў бабова-злакавых культур, на плошчы амаль 30 гектараў падсеялі канюшыну. Варта сказаць, што ў таварыстве адмовіліся ад вырошчвання кукурузы.

Сянаж — у плёнкуТут вялікую ўвагу надаюць люцэрне. У чыстым выглядзе яе маюць на плошчы 132 гектары. Дарэчы, аднагадовых траў пасеялі 164 гектары, яны таксама прызначаны для папаўненне кармавых запасаў.
— Што ўжо ёсць у актыве руплівых механізатараў? — пытаюся.
— Скошаны травы на плошчы 147 гектараў. Назапашана 5 тон сена і 170 сенажу, — чую ў адказ. — Пакуль сянаж і сена загортваем у плёнку, бо косім травы на аддаленых ад ферм участках. А потым, як і ў мінулыя гады, ля фермы «Шалкоўшчына» закладзём дзве траншэі па 600 тон, дзве — на ферме «Лотва» такой жа ўмяшчальнасцю. Там ёсць вялікая сянажная траншэя на 1000 тон, заканчваем будаваць яшчэ адну такую.
Марына Анатольеўна расказала, што на кашэнні траў стараннем і руплівасцю вызначаецца Васіль Лісіцкі, які кіруе трактарам «МТЗ-3522» з касілкай «КРМ-9ВТ».
— Шкада, што сёння не сустрэнемся з гэтым дбайным хлебаробам. Ён зараз косіць травы на аддаленым участку ля Старых Габ, — кажа Марына Анатольеўна. — А вось з граблямі працуе вопытны механізатар Аляксандр Юц, з рулонным прэс-падборшчыкам «ППРО -155», які загортвае корм у плёнку, завіхаецца Іван Таразевіч. Яны працуюць на сенажаці ля вёскі Юшкавічы.
Кіраўнік падсобнай гаспадаркі расказала, што маюць для нарыхтоўкі кармоў яшчэ два комплексы «КЗР-10». Тэхніка не новая, але дзякуючы старанню механізатараў працуе.
— Калі пачнём закладваць сянаж у траншэі, то ўключым у работу гэту тэхніку. У мінулыя гады на падборы і здрабненні
правяленых валкаў травы вызначаліся Алег Папок і яго брат Дзмітрый, — удакладніла Марына Анатольеўна. — Думаю і сёлета яны не падвядуць. Для адвозкі сянажнай масы падрыхтаваны чатыры трактарныя прычэпы і аўтамабіль «МАЗ». Дарэчы, Алег Папок вывеў на сенажаць свой комплекс. Ён косіць травы для падкормкі жывёлы.
Усе ўдзельнікі корманарыхтоўчай кампаніі забяспечаны двухразовым харчаваннем.
— Смачныя абеды рыхтуе наш повар Марына Гулевіч. На якасць і смак ежы нараканняў ад механізатараў пакуль не было, — дадае Марына Сіўчак.
Добра арганізаваны працэс нарыхтоўкі кармоў — гарантыя поспеху ў жывёлагадоўлі. Людзі разумеюць гэта і стараюцца працаваць з найвышэйшай аддачай.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.