Светам правіць дабрыня

118

Светам правіць дабрыняСтала традыцыяй да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь праводзіць розныя мерапрыемствы. Арганізатары імкнуцца атуліць людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўвагай, а таксама паказаць, што яны не забыты і маюць такія ж правы, як і ўсе астатнія грамадзяне нашай краіны. Разам з тым многія з гэтай катэгорыі, не зважаючы на праблемы са здароўем, вядуць актыўны лад жыцця. Шмат хто знайшоў сябе ў сям’і, на працы, у народнай творчасці. Што гэта сапраўды так, упэўнена, пераканаліся ўсе, хто завітаў у мінулую суботу ў Мядзельскі раённы цэнтр культуры.
Не адну мяне прыемна здзівілі выставы, наладжаныя ў фае ўстановы. Як і заўсёды, годна глядзеліся работы, прадстаўленыя аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Жадаючыя змаглі не толькі паглядзець выкананыя з любоўю працы, але і пазнаёміцца з іх аўтарамі — Аляксандрам Мальцам, Святланай Ляскавец, Крысцінай Грузд, Алегам Сініцам, Эдуардам Гурленем. Непадалёку размяшчалася персанальная выстава жыхаркі Мядзела Ніны Герасімавай пад назвай “Упусці дабрыню ў сваё сэрца”. Усе карціны-вышыванкі кранаюць сваёй адметнасцю і непаўторнасцю. Інакш і быць не можа, бо ў кожную з іх уклала ўмеліца часцінку сваёй душы.
Парадавала таксама персанальная выстава “Гармонія форм у прасторы” Ірыны Русановіч, якая пражывае ў курортным пасёлку Нарач. Свае карціны Ірына Генадзьеўна робіць з салёнага цеста. І выглядаюць яны, трэба сказаць, вельмі арыгінальна і прыгожа. Пацікавілася ў жанчыны, як усё пачыналася. Светам правіць дабрыняВось што яна расказала:
— Вельмі хачу, каб людзі жылі радасна і гарманічна. Мае працы якраз нацэльваюць на гэта. Патрэбна жыць у суладдзі — з сабой, навакольнымі, грамадствам, прыродай, бачыць ва ўсім пазітыў. А што датычыць салёнага цеста, то праца з ім з’яўляецца своеасаблівай арттэрапіяй, бо зніжае ціск, супакойвае. Таму раю кожнаму, у каго ёсць праблемы са здароўем, заняцца такім відам творчасці. Многія знаёмыя, пабачыўшы мае работы, таксама захапіліся пластыкай цеста (так называецца гэты жанр), чаму шчыра радуюся. Тут на выставе — толькі частка работ, а ўвогуле іх у мяне 63. Хацелася б, вядома, паказаць людзям усе свае працы. А калі хто пажадае — то і вопытам падзялюся. Яшчэ люблю займацца з прыроднымі матэрыяламі. Загадзя назапашваю костачкі сліў, вішань, рознае насенне, галінкі, засушаныя кветкі, якія потым выкарыстоўваю ў рабоце. Таксама нядрэнныя пано атрымліваюцца.
Ад сябе скажу, што праявы жыццялюбства і аптымізму, выказаныя ў творчасці людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, могуць служыць прыкладам для іншых. Нездарма перад тым, як пачаць канцэрт, па ініцыятыве вядучай — Ганны Шэпель — прысутныя працяглымі апладысментамі падзякавалі аўтарам цікавых прац за створаную імі прыгажосць. Вельмі хочацца, каб яны не спыняліся на дасягнутым і надалей сваімі творамі радавалі і сябе, і навакольных.
Вельмі цёплай атрымалася і канцэртная праграма. Падчас яе нямала шчырых слоў прагучала ў адрас членаў грамадскіх аб’яднанняў “Беларускае таварыства інвалідаў па агульных захворваннях” і “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, якія знаходзіліся ў зале. Іх горача вітала і вядучая, і самадзейныя артысты. Шмат авацый дасталося народнаму клубу аматараў песні “Верасень”, якім кіруе наша зямлячка, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Стэла Іванова. Верш нашага земляка — паэта Іосіфа Скурко “Мядзел” пранікнёна і эмацыянальна прачытаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гардон. Песню “Матуля” цудоўна праспявала Святлана Суханская, а “Одуванчик” — Раіса Ільюковіч. З роляй чытальнікаў выдатна справіліся таксама Ірына Квяткоўская, Галіна Яфрэмава і Таццяна Чарняўская. Цёпла прымалі гледачы і трыа ў складзе Валянціны Яфімавай, Раісы Ільюковіч і Ірыны Квяткоўскай з песняй “Мы з Нарачы”. А як заспяваў Віктар Назаранка “Стары клён”, прысутныя ў зале дружна сталі яму падпяваць. Задушэўнымі словамі падтрымлівала слухачоў Валянціна Яфімава. Прыгожа гучала і добра вядомая ўсім яшчэ з савецкіх часоў песня “Надзея”. Дарэчы, запявалі яе дуэтам Раіса Ільюковіч і Леанід Храпун, за што атрымалі бурныя апладысменты і воклічы ўдзячных гледачоў: “Брава!”, “На біс!”. Трэба зазначыць, што рэпертуар “вераснёўцаў” пастаянна пашыраецца. Светам правіць дабрыняУ ім і лірычныя, і жартоўныя песні як на рускай, так і на беларускай мовах. Ёсць нямала і народных.
Напрыканцы мерапрыемства выступіла старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Надзея Балобан. Надзея Мікалаеўна падзякавала ўдзельнікам народнага клуба аматараў песні “Верасень”, а таксама кіраўніку калектыву Стэле Івановай за падараваныя хвіліны радасці. Пажадала здароўя, аптымізму, цудоўнага настрою. А самае галоўнае, каб і надалей яны з песняй крочылі па жыцці і неслі ў масы толькі пазітыў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.